16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ніякай настроенасці супраць прыватнай вытворчасці ў Беларусі няма і не будзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 студзеня ў час размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў - рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як развівалася гісторыя з рэканструкцыяй вытворчай пляцоўкі мотавелазавода і мадэрнізацыяй самога прадпрыемства. Першапачаткова завод хацелі прыватызаваць, маўляў, прыватнік прыйдзе і выратуе вытворчасць. Аднак бізнесмены ў выніку вырашылі зрабіць па-свойму і парушылі ўсе дамоўленасці.
"Я катэгарычна папярэдзіў: крок улева, крок управа - з табой размова скончана. Чалавек не зусім зразумеў мяне і тую ўладу, якая ў нас тады была і цяпер ёсць. Дайшло да таго, што вы ведаеце, дзе ён знаходзіцца. Таму без жартаў, дамовіліся - трэба рэалізоўваць. Мы нікога душыць не будзем. Не збіраемся і не душылі, і не трэба, таму што пад націскам у турме асаблівай якасці не даб'ешся. Таму калі вам нехта гаворыць, што "вось тут дыктатура, будуць душыць" - нікога, ні прыватніка, ні дзяржаўнае прадпрыемства. Галоўнае, каб яны па-чалавечы ставіліся да людзей. Людзі - гэта маё, гэта дзяржаўнае, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Дамовіліся - ідзіце працаваць. Усё вельмі проста. Але таго, хто не разумее, мы прыводзім да прытомнасці. Па-рознаму".
Была таксама прапанова аддаць незапатрабаваную тэрыторыю завода пад жыллёвую забудову. Месца добрае, гэта ж фактычна цэнтр Мінска. Забудоўшчыкі маглі атрымаць нядрэнны прыбытак. Аднак Прэзідэнт быў упэўнены, што тут неабходна развіваць вытворчасць.
"Жыллё прасцей за ўсё: рубель узяў, прадасі даражэй, дваццаць потым атрымаеш. Усё ж рынак, бескантрольна. І калі мы спрабавалі недзе нешта кантраляваць, тады нас пачыналі душыць. Чаму душылі: "У вас нярыначная эканоміка". Гэта значыць няма свабоды "што хачу, тое і раблю". Калі дзяржава пачынае рэгуляваць нешта - "нярыначная эканоміка", значыць, вам крэдытаў няма, а калі ёсць, то пад вялікія працэнты, вашу прадукцыю ў свеце купляць не будзем і гэтак далей. Гэта мне давялося прайсці. Але мы не адмовіліся ад вытворчасці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта было маё першае патрабаванне: мы будзем дапамагаць усім, хто працуе на краіну, але перш за ўсё работнікам вытворчасці".
У выніку Мінскаму гарвыканкаму было даручана аднавіць тэрыторыю мотавелазавода, і землі былі перададзены пад тэхнапарк. "Але МотаВела трэба захаваць. МАЗ, БелАЗ, МотаВела, іншыя прадпрыемствы - гэта брэнды нашай краіны. За гэтым стаіць вялікая колькасць людзей. Гэта школы, кампетэнцыі, гэта вы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Цяпер на плошчах тэхнапарка не толькі мадэрнізуюцца старыя будынкі, але і ўзводзяцца новыя карпусы.
"А дзе пабудаваць жыллё, мы вызначымся. Мы яшчэ раз сёння дамовіліся, што жыллё мы будзем будаваць арэнднае. Дырэктару - квадратныя метры, калі ласка, наймай людзей, няхай працуюць усе, хто хочуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у час размовы з кіраўніцтвам тэхнапарка таксама было закранута пытанне працоўнай міграцыі. Прэзідэнт не супраць, каб месцы прадастаўляліся замежным грамадзянам, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты. "Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбны на гэтым месцы і могуць гэту аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць - навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць", - запатрабаваў беларускі лідар.
"Другое - мы павінны да іх па-людску паставіцца. Яны такія ж людзі, як мы. І яны заўсёды добра працуюць, калі да іх па-чалавечы (ставіцца. - Заўвага БЕЛТА). Мы забяспечым і адукацыяй, і аховай здароўя - усё будзе як у нас. Асабліва для ўкраінцаў, - запэўніў кіраўнік дзяржавы. - Вельмі шмат украінцаў сёння едзе да нас. Мы павінны прымаць іх як сваіх людзей. Таму што тыя людзі, якія да нас прыехалі з Украіны, я не чуў, каб нехта сказаў, што яны дрэнна працуюць. Гэта добрыя людзі".
"У бліжэйшы час на маім узроўні мы разгледзім усе гэтыя пытанні, сёння адпаведныя органы працуюць. Пакуль пажар не палае ў Беларусі, гэтым трэба займацца. Тым больш нам людзі патрэбны. Але кожнага чалавека трэба глядзець. Ёсць прафсаюзы, маладзёжныя арганізацыі, партыі - падключайце іх. Няхай яны глядзяць, каго мы запрашаем у калектыў", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Ацэньваючы ў цэлым праведзеную работу па развіцці тэрыторый тэхнапарка, Прэзідэнт заявіў, што ўлады рухаюцца ў правільным напрамку. Пры гэтым, лічыць кіраўнік дзяржавы, існуючыя тут вытворчасці неабходна маштабаваць. "Пачынаць трэба з малога, а далей будзем дапамагаць, няхай развіваюцца, калі могуць прадаць прадукцыю на знешніх рынках", - сказаў ён.
"Трэба пашыраць вытворчасць. І мы гэтым прыватнікам будзем дапамагаць. Усяляк будзем дапамагаць. Таму ніякай настроенасці супраць прыватнай вытворчасці ў Беларусі няма і не будзе. Тых, якія працуюць, плацяць падаткі і плацяць нармальную зарплату, прадаюць прадукцыю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што я хацеў атрымаць ад гэтай пляцоўкі, адчуваю, ужо ў гэтым годзе мы поўнасцю атрымаем. І адсюль будзем развіваць свае вытворчасці".
"Па жыллі я сказаў, як будзем развівацца. Па зарплаце - што заробіце, тое ваша. Вытворчасць як будзем развіваць, я сказаў. Што датычыцца гандлю, шмат чулі: формула справядлівасці. Ніхто людзей не павінен абдзіраць, набіваць кішэні і вывозіць за межы краіны", - дадаў беларускі лідар.-0-