Сцяг Аўторак, 18 лютага 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 студзеня 2025, 14:18

Лукашэнка заявіў аб неабходнасці больш цесна заняцца пытаннямі міграцыі

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня ў час размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў - рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка заявіў аб неабходнасці больш цесна заняцца пытаннямі міграцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, у час размовы з кіраўніцтвам тэхнапарка было закранута пытанне працоўнай міграцыі. Прэзідэнт не супраць, каб месцы прадастаўляліся замежным грамадзянам, галоўнае, каб гэта былі кваліфікаваныя спецыялісты. "Але ты павінен ведаць, што гэта за людзі і што яны табе патрэбны на гэтым месцы і могуць гэту аперацыю ажыццяўляць. Не ўмеюць - навучы. Але ты за гэты дзясятак-дваццаць чалавек павінен галавой адказваць", - запатрабаваў беларускі лідар.

"Другое - мы павінны да іх па-людску паставіцца. Яны такія ж людзі, як мы. І яны заўсёды добра працуюць, калі да іх па-чалавечы (ставіцца. - Заўвага БЕЛТА). Мы забяспечым і адукацыяй, і аховай здароўя - усё будзе як у нас. Асабліва для ўкраінцаў, - запэўніў кіраўнік дзяржавы. - Вельмі шмат украінцаў сёння едзе да нас. Мы павінны прымаць іх як сваіх людзей. Таму што тыя людзі, якія да нас прыехалі з Украіны, я не чуў, каб нехта сказаў, што яны дрэнна працуюць. Гэта добрыя людзі".

"У бліжэйшы час на маім узроўні мы разгледзім усе гэтыя пытанні, сёння адпаведныя органы працуюць. Пакуль пажар не палае ў Беларусі, гэтым трэба займацца. Тым больш нам людзі патрэбны. Але кожнага чалавека трэба глядзець. Ёсць прафсаюзы, маладзёжныя арганізацыі, партыі - падключайце іх. Няхай яны глядзяць, каго мы запрашаем у калектыў. Пытанне: калі патрэбна", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэту тэму Прэзідэнт закрануў і ў сваім выступленні ў храме на Раство Хрыстова. "Хацеў вас папярэдзіць, што і ўнутры ў нас праблем хапае. І выклікі з'яўляюцца пастаянна. Можна сказаць, кожны месяц. Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу (гэта мая работа, работа ўрада, органаў улады), - гэта вымушаная міграцыя людзей. Людзей, якія бягуць ад вайны. Гэта людзі розныя. Расію яна захліснула. Нас Гасподзь пашкадаваў да сёння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з Усходу. Не толькі тыя, якія жадаюць нам нейкай варожасці і вайны. Не, падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваны. Гэта таксама нястрашна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей. Працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некатралюемая міграцыя - гэта бяда", - заявіў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі