13 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У Міністэрстве абароны аказаліся ўпушчаны пытанні па рабоце з асабовым складам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністра абароны прашу праінфармаваць Савет бяспекі, якія меры прымаюцца для навядзення парадку ў арміі, павышэння матывацыі і паляпшэння ўмоў службы. Вельмі дрэнна, што ў Міністэрстве абароны аказаліся ўпушчаны пытанні работы з асабовым складам, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, не так аб'ёмна, як я толькі што сказаў, але такія факты мы ведаем".
Прэзідэнт падкрэсліў, што выпадкі нестатутных узаемаадносін і іншыя парушэнні - гэта тыя з'явы, пра якія ў беларускай арміі, здавалася б, павінны даўно забыць. "Чым займаецца ідэалагічная і выхаваўчая вертыкаль у ваенным ведамстве? Як відаць, адпаведныя кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно ўстарэлымі формамі работы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, ёсць пытанні і да органаў пракуратуры. "Чаму сістэма разгортваецца толькі пасля надзвычайных здарэнняў? Як будзе ў далейшым забяспечвацца захаванне законнасці ў воінскіх калектывах? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў кіраўніцтва нагляднага ведамства. - Думаю, нашай Генеральнай пракуратуры і пракуратуры наогул пара ўжо ад эпізадычных заяў у сродках масавай інфармацыі пераходзіць да больш сістэмнай работы".
На пасяджэнні Прэзідэнт таксама запатрабаваў ад Міністэрства абароны неадкладна ўзмацніць ідэалагічную работу, у тым ліку інфармацыйную. "Пакуль гэта ў вас не атрымліваецца. Адзначу, што і асвятленне вучэнняў "Захад-2017" у СМІ спачатку было арганізавана нездавальняюча", - дадаў беларускі лідар.-0-