ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 10 жніўня 2022
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 мая 2022, 09:14

Лукашэнка на адкрыцці помніка мітрапаліту Філарэту: ён быў духоўным айцом і сумленнем нацыі

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ля Свята-Духава кафедральнага сабора 3 мая адкрылі помнік мітрапаліту Філарэту. Як заявіў у час цырымоніі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі быў не толькі духоўным айцом, але і сумленнем нацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Прапановы аб устаноўцы помніка мітрапаліту Філарэту былі ўнесены Прэзідэнту ў маі 2021 года, і Аляксандр Лукашэнка падтрымаў іх. Над стварэннем манумента працаваў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам скульптара Андрэя Хацяноўскага.

Адкрыць помнік вырашылі ў дзень значнага хрысціянскага свята - Радаўніцы, калі прынята памінаць самых дарагіх людзей. На цырымонію прыйшлі свяшчэннаслужыцелі, гараджане і госці сталіцы.

Кіраўнік дзяржавы прынёс да манумента любімыя кветкі ўладыкі - белыя ружы.

"Мы адкрылі помнік першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, нашаму мітрапаліту Філарэту. Нашаму, без перабольшання, вялікаму сучасніку, Герою Беларусі, чалавеку, які быў не толькі духоўным айцом, але і сумленнем нацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У час кароткага выступлення Прэзідэнт не раз звяртаўся да слоў мітрапаліта Філарэта. "Ён заўсёды гаварыў: "Дзе служыш - там і Радзіма". І даказаў усім сваім жыццём, што яго лёсам, яго Айчынай была наша Беларусь. А мы былі яго вялікай любімай сям'ёй", - падкрэсліў беларускі лідар.

Мітрапаліт Філарэт аддаў шмат сіл адраджэнню храмаў, прыходаў, манастыроў, развіццю багаслоўскай асветы. Гэта па яго благаславенні на беларускую мову было перакладзена Святое Пісанне, устаноўлена свята ў гонар Сабора Беларускіх святых, адноўлена святыня Беларусі - Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, пачаў функцыянаваць унікальны сацыяльны праект Беларускай праваслаўнай царквы - Дом міласэрнасці.

"З усесаюзных, міжнародных трыбун, а таксама са старонак перыёдыкі ён з пранізлівай вастрынёй гаварыў аб тым, што вельмі высокая цана, заплачаная савецкім народам за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, і таму для нас мір - гэта найвялікшае дабро, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ўпэўнены, і цяпер на нябёсах побач са святымі заступнікамі Беларусі ён просіць аб міры і згодзе на нашай прыгожай зямлі".

Згадаў Аляксандр Лукашэнка яшчэ адно пасланне свяшчэннаслужыцеля. Гэтыя словы, якія кіраўнік дзяржавы назваў духоўным запаветам, былі вымаўлены мітрапалітам у няпросты для Беларусі жнівень 2020 года. "Цяперашняя задача і абавязак нацыі - захаваць мір і згоду на роднай зямлі. Гэта наша адказнасць перад Богам і перад нашчадкамі", - падкрэсліў тады ўладыка.

Не сакрэт, што кіраўнік дзяржавы па-асабліваму ставіўся да Патрыяршага Экзарха. Для Аляксандра Лукашэнкі мітрапаліт Філарэт быў духоўным настаўнікам і добрым сябрам. Яны сустракаліся не толькі ў час афіцыйных мерапрыемстваў. Вядома, што Прэзідэнт не раз наведваў уладыку і пасля таго, калі ён перадаў сваю пасаду мітрапаліту Паўлу.

Пасля смерці ўладыкі Аляксандр Лукашэнка наведаў цырымонію развітання з ім і ў далейшым не раз успамінаў мітрапаліта ў сваіх выступленнях.

"Больш за год прайшло, як уладыка не з намі. Але ўсё яшчэ цяжка гаварыць аб ім у прошлым часе. Не хапае яго голасу, нязменнай добразычлівасці, тонкага гумару, мудрай парады і малітвенай дапамогі", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Праваслаўны царкоўны дзеяч памёр на 86-м годзе жыцця. У час адкрыцця манумента ў неба беларускай сталіцы былі выпушчаны дзясяткі белых галубоў - па колькасці гадоў жыцця мітрапаліта.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства Прэзідэнт і мітрапаліт Веніямін наведалі храм, дзе запалілі свечкі ля Распяцця. Уладыка ўручыў у падарунак кіраўніку дзяржавы абраз з асабістага збору мітрапаліта Філарэта ў памяць аб ім.

"Галоўная наша задача - каб справа ўладыкі мітрапаліта Філарэта прадаўжалася, пашыралася", - сказаў мітрапаліт Веніямін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі