Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 верасня 2021, 11:00

Лукашэнка - юным футбалістам: калі ў вас перад вачамі долары, вы ніколі не станеце спартсменамі

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава падтрымае беларускіх футбалістаў, але яны павінны паказваць вынік. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтра клуба "Дынама-Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі вы вырашылі гуляць у гэту цудоўную гульню, самую папулярную ў нашай краіне і ва ўсім свеце, і ў вас перад вачамі зялёны колер (я маю на ўвазе долар; магчыма, ружовы - еўра), вы ніколі не станеце футбалістамі і спартсменамі. Вы павінны прыходзіць сюды для таго, каб гуляць у футбол. І калі вы будзеце імкнуцца да гэтага, на пачатковым этапе вы атрымаеце матэрыяльнае ўзнагароджанне, каб нармальна жыць. Гэта я вам абяцаю, дзяржава гэта забяспечыць вам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: дабіцца выніку можна толькі ўпартай працай і самааддачай. "Хочаце гуляць - гуляйце. Вы павінны гэтым займацца кожны дзень з раніцы да вечара. З мячом павінны спаць. Калі вы гэтага не разумееце, вы не футбалісты", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў яго гады ў спартсменаў не было такіх умоў для трэніровак, як сёння, аб гэтым яны маглі толькі марыць. Але вынікі былі. "І гэта ўсё створана за кошт беларускага народа. Я хачу, каб вы гэта помнілі. А вы гэта будзеце разумець і помніць толькі тады, калі вас да гэтага падахвоцяць вашы трэнеры. Усё залежыць ад трэнера. Спартсмен можа зрабіць усё, чаму яго навучыць і што прымусіць рабіць трэнер. Няма трэнера - няма каманды, няма спартсмена", - упэўнены Прэзідэнт. Ён дадаў, што ёсць вялікія пытанні і да адміністрацыйнага апарату чыноўнікаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў маладым ігракам быць патрыётамі, паколькі яны гуляюць для людзей, а не для кіраўніцтва краіны. Акрамя таго, спартсменам ужо ў юным узросце трэба задумвацца аб сваёй будучыні і ўладкоўваць сваё жыццё, адзначыў Прэзідэнт. "Жыццё спартсмена вельмі кароткае, - канстатаваў ён. - І за гэта жыццё вы не толькі павінны навучыцца гуляць, зрабіць сябе, зарабіць нейкія сродкі на будучае. Але і пасля 30 ж людзі жывуць. А гэта значыць, што трэба вучыцца. Жыццё спартсмена катастрафічна цяжкае, катаржнае. Але вы самі выбралі такі лёс. Пастарайцеся прайсці гэта жыццё, як трэба. У гэтым узросце вы робіце саміх сябе".

"Калі вы будзеце імкнуцца стаць сапраўднымі спартсменамі, любіць сваю краіну, лічыце, што мы дамовіліся і падтрымку вы заўсёды атрымаеце", - падагульніў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі