Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2019, 13:35

Лукашэнка даручыў разабрацца з забяспечанасцю льнозаводаў тэхнікай і насеннем

20 верасня, Карэліцкі раён /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ "Карэлічы-Лён" і размаўляючы з калектывам прадпрыемства, даручыў ураду разабрацца з забяспечанасцю льнокамбінатаў тэхнікай і якасным насеннем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы было даложана, што льнозаводы ў краіне ў асноўным забяспечаны неабходнай тэхнікай, але адчуваецца недахоп высокапрадукцыйных прэсаў па часанні і абгортванні лёну. Забяспечанасць імі ў гаспадарках па краіне - 53,7 працэнта. Частка тэхнікі выкарыстоўваецца больш за 10 гадоў.

"Гэта ў свой час было маё даручэнне. Калі я ўбачыў бельгійскія і іншыя машыны, зразумеў, што мы іх не ў хуткім часе вырабім. Былі выдзелены сродкі, каб іх закупіць, і іх закупілі", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер зношанасць тэхнікі павялічылася, патрэбны новыя ўзоры.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў ураду вывучыць магчымасць і неабходнасць закупкі імпартнай тэхнікі, а таксама насення. "Пачынаючы ад насення і заканчваючы валакном у вас і тканінамі ў Оршы, мы яшчэ раз па ланцужку пройдземся ў плане забеспячэння гэтых працэсаў тэхнікай", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, было прынята рашэнне закупіць для Карэліцкага льнозавода лініі па перапрацоўцы льновалакна бельгійскай вытворчасці. "Мы можам і самі вырабіць такія лініі, але гэта будзе вельмі дорага. Нам, каб рэнтабельна, прыбыткова было вырабляць, трэба ў вялікай колькасці іх прадаваць. Навошта нам сёння спаборнічаць з бельгійцамі, якія далёка пайшлі? Мы гэтыя лініі вырашылі купіць", - растлумачыў ён.

Што датычыцца тэхнікі для сяўбы і ўборкі лёну, то Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання разам са спецыялістамі трэба будзе высветліць, чаго не хапае і як вырашыць праблему. "Нам патрэбны камбінаваны агрэгат, які адразу б і рыхтаваў глебу, і высяваў. У нас ёсць такі па сяўбе збожжавых культур. Чаму не можам прыстасаваць яго для вырошчвання лёну - можам, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Я сюды прыехаў, каб гэту тэму яшчэ раз вывучыць, усім даручэнні раздаць і каб мы на працягу года-двух маглі вырашыць праблему".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на якасць насення: "Кажуць, імпартнае ў гэтым годзе крыху лепшае, чым айчынныя сарты. Гэта мы будзем разбірацца з вучонымі. Мы з імі разбяромся канчаткова - могуць яны атрымаць такія сарты, каб былі не горшыя за імпартныя, ці не".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі