Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лютага 2020, 13:50

Лукашэнка чакае ад дзяржСМІ больш вастрыні, аператыўнасці і ўласнага кантэнту

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад дзяржаўных СМІ больш вастрыні, аператыўнасці і ўласнага кантэнту. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта ў эфіры дзяржаўных СМІ не хапае вастрыні і аператыўнасці. Акрамя таго, падкрэсліў ён, ім пара ўжо адыходзіць ад замежных платформ. "Далёка не ўсё, што там ёсць, добрай якасці. Трэба больш сваёй тэлепрадукцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Калі мне гавораць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. - Заўвага БЕЛТА) сядзіць на платформе Грамадскага расійскага тэлебачання, я гэтага проста не разумею. Наша прастора, наша тэлебачанне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) - пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі нехта хоча сюды прыйсці - калі ласка, як мы туды. Плаціце грошы, запытайце дазволу, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім - можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак".

Друкаваныя ж СМІ, каб утрымацца на плаву ў сучасным лічбавым свеце, павінны актыўна займацца аналітыкай, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Вядома, мы заўсёды былі і будзем аб'ектыўныя. Але нашы навіны, наша сумленная пазіцыя павінны быць данесены да кожнага і пачуты ўсімі, - падкрэсліў ён. - Нам наогул саромецца няма чаго (а ў нас часам гэта бывае): мы працуем на сваю краіну і свой народ. Дзякуй богу, мы ўжо адышлі ад таго, што было ў сярэдзіне 1990-х пасля распаду Савецкага Саюза: тады ўсе журналісты былі "нашы" і "не нашы". Калі ты сказаў праўду з пазіцыі ўлады - усё, ты вораг, ты не наш. Гэтага ўжо няма. Вы ўжо на роўных з імі канкурыруеце. Ужо камяні ў вас так не кінуць. Калі вы там недзе нешта пра Прэзідэнта сказалі, вам ніхто ніколі сумленна, аб'ектыўна ў вока не тыцне і не скажа, што зладзюга нейкі або чалавек, які займаецца прапагандай дзеля таго, каб толькі ўтрымаць уладу і забяспечыць сябе і свой бліжэйшы асяродак. Але гэта не значыць, што трэба перабіраць, пахвальваючы Прэзідэнта. Трэба ўсё рабіць па-дзелавому. Мы павінны рабіць гэта плячо ў плячо, падтрымліваючы, дапаўняючы і ўзмацняючы адзін аднаго. Не трэба самазаспакойвацца і спыняцца ў развіцці. Час змяняецца імкліва".

Паводле яго слоў, сёння інтэрнэт ужо не проста дыхае ў спіну дзяржаўнай прэсе, але і па некаторых пазіцыях вырываецца наперад, а Telegram-каналы, блогі, сацыяльныя сеткі па ўплыве як мінімум зраўнаваліся з традыцыйнымі СМІ. "Моладзь у асноўным там. Мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт у распараджэнні ўсіх жадаючых ад дзіцяці да састарэлага чалавека. І гэтыя матэрыялы ім даступныя ў любы час сутак. Нашым СМІ ў інтэрнэце трэба працаваць больш маштабна, больш эфектыўна. Што ўжо зроблена ў гэтым напрамку і куды вы маеце намер рухацца далей?" - запытаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, упэўнены Прэзідэнт, таленавіты журналіст можа і павінен быць лідарам грамадскай думкі. "Гэта рэдкасць. Сёння аблічча любога СМІ павінна вызначаць аўтарская журналістыка. Нам неабходны новыя асобы, цікавыя персаналіі, тэмы. Вы павінны быць таленавітыя і пераканаўчыя ў падачы інфармацыі", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся агульнай ацэнкай сітуацыі на медыйным полі, а таксама запытаў у кіраўнікоў СМІ, як будуць далей развівацца іх рэдакцыі і якімі ім бачацца перспектывы. "Давайце не толькі без самасправаздач, але сумленна і шчыра пагаворым аб праблемах", - прапанаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі