11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь славіцца традыцыямі верацярпімасці і ўзаемнай павагі паміж людзьмі розных нацыянальнасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адкрыццё Саборнай мячэці ў сталіцы Беларусі - гэта, безумоўна, знакавая падзея як для мусульманскай абшчыны краіны, так і для ўсіх грамадзян рэспублікі. "Беларусь спрадвеку славіцца традыцыямі верацярпімасці і ўзаемнай павагі паміж людзьмі розных канфесій і нацыянальнасцей. У гэтым наша гордасць, наша сіла, у гэтым залог нашай жыццеўстойлівасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што мусульмане з'явіліся ў Беларусі яшчэ ў чатырнаццатым стагоддзі. Яны хутка і без праблем сталі часткай народа, разам з усімі абаранялі краіну ад знешніх ворагаў, уносілі значны ўклад у яе матэрыяльную культуру і традыцыі. "Наглядным сведчаннем духоўнага ўзаемапранікнення, напрыклад, з'яўляюцца старажытныя кнігі - кітабы, якія з шаснаццатага стагоддзя беларускія мусульмане пісалі арабскай графікай, але на беларускай мове", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь - краіна з міралюбным характарам. Мы цэнім мір і спакой, таму будуем храмы для ўсіх канфесій. Мы прытрымліваемся аднаго лозунга: любы грамадзянін нашай краіны мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма, і ніхто не мае права і не павінен яго прымушаць рабіць інакш. Таму мы сёння адкрываем гэты вялікі храм, які будзе не проста домам для мусульман, а прыўнясе вялікі ўклад у развіццё культуры нашай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Перакананы, што Саборная мячэць, узведзеная пры асабістай падтрымцы Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, майго добрага сябра і таварыша, стане для мусульман Беларусі і ўсяго беларускага народа важным духоўным цэнтрам, крыніцай асветы і распаўсюджвання гуманістычных ідэй і сапраўдных мэт ісламу", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-