Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 ліпеня 2019, 10:57

Лукашэнка: Беларусь мае намер больш сур'ёзна развіваць эканамічныя адносіны з Латвіяй

26 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь мае намер больш сур'ёзна развіваць эканамічныя адносіны з Латвіяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на перагаворах, былі эканоміка і гандаль, у нарошчванні якога ёсць узаемная зацікаўленасць. Існуючы цяпер паказчык беларуска-латвійскіх адносін у памеры амаль $600 млн - недастатковы з улікам магчымасцей, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Не хацеў бы, каб палітыка стаяла над эканомікай. Але калі нейкія краіны нас не разумеюць і не ўспрымаюць у гэтым плане, і гэта ўплывае на эканоміку Беларусі, вядома, мы будзем шукаць лепшыя варыянты. І я вельмі рады, што ў нас з вамі, з вашай краінай, з кіраўніцтвам і народам гэтай добрай балтыйскай краіны няма асаблівых праблем, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Так, над вамі стаіць ЕС, я разумею, што там за сітуацыя, 28 краін, ды і многія не ў захапленні ад тых працэдур, якія сёння прапісаны ў вашых адносінах. Але, тым не менш, вы знаходзіце магчымасць выбудоўваць роўныя і прыстойныя адносіны са сваім суседам - Беларуссю. Я гэта разумею і вельмі цаню".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе развіваць з Латвіяй адносіны, перш за ўсё гандлёва-эканамічныя, паколькі гэта база, на якой грунтуюцца догмы палітычных і дыпламатычных адносін. "Мы будзем развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, калі вы да гэтага гатовы, і больш сур'ёзна развіваць, на карысць нашых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў бліжэйшы час мае намер убачыць сучасную Рыгу. Ён адзначыў, што беларусы, якія наведваюць латвійскую сталіцу, у захапленні ад убачанага, як і латвійскі міністр ад Мінска, што відаць па яго выказваннях на сустрэчах у час гэтага візіту. Прэзідэнт сказаў, што ў аснове канцэпцыі развіцця Мінска - стварэнне камфортных умоў для яго жыхароў, у тым ліку гэта паркавыя зоны, набярэжная Свіслачы.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Латвіяй устаноўлены 7 красавіка 1992 года. У абедзвюх краінах дзейнічаюць пасольствы, а ў Віцебску і Даўгаўпілсе працуюць консульствы дзвюх дзяржаў. Цяпер дынамічна развіваюцца беларуска-латвійскія кантакты на міжведамасным і міжрэгіянальным узроўнях. Колькасць пар гарадоў і рэгіёнаў, якія маюць дагаворы аб пабрацімстве і супрацоўніцтве, дасягнула 60. Актывізаваліся ў тым ліку кантакты паміж сталіцамі. Латвія зацікаўлена ў нармалізацыі адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза, займае прагматычную і ўзважаную пазіцыю па ўсіх важных для нас пытаннях.

У 2018 годзе двухбаковы тавараабарот склаў $582,7 млн (звыш 132 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года), пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $485,6 млн. Па выніках мінулага года Латвія заняла 14-е месца па тавараабароце і 10-е месца па экспарце сярод краін, з якімі Беларусь ажыццяўляе знешнегандлёвыя аперацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі