Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 верасня 2020, 14:26

Лукашэнка: Беларусь і Расія значна рушылі наперад у вырашэнні існуючых праблем і задач

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія значна рушылі наперад у вырашэнні існуючых праблем і задач. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ўсе - і пасольства Расіі, і наша краіна - жывём у канкрэтных умовах. Вы добра бачыце сітуацыю ў Беларусі. Думаю, што мы значна рушылі наперад літаральна ў апошнія дні, можа, пару тыдняў у вырашэнні тых праблем і задач, якія назбіраліся паміж Беларуссю і Расіяй. Хацелася б, каб гэта дынаміка была захавана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у час нядаўніх перагавораў двух урадавых дэлегацый у Мінску былі дасягнуты вельмі добрыя дамоўленасці. "Мы працуем над іх развіццём. Вядома, у бліжэйшы час мы сустрэнемся з Прэзідэнтам Расіі і, напэўна, паставім вялікую кропку ў рэалізацыі гэтых адносін і дамоўленасцей, каб рухацца далей. Вядома, яшчэ будзе шмат пытанняў, яны заўсёды будуць. Калі ідзе супрацоўніцтва, з'яўляецца нямала пытанняў, іх, вядома, трэба вырашаць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У канцы верасня ў Мінску і Мінскай вобласці пройдзе VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта будзе эканамічны трамплін для збліжэння пазіцый па шэрагу пытанняў. "Там будуць прадстаўнікі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Гэта ж не проста мы сабраліся там, нешта паказалі, самі паказаліся і на гэтым усё. Не. Я лічу, што гэта будзе вельмі моцны крок у рэалізацыі канкрэтных дамоўленасцей на ўзроўні прадпрыемстваў, - падкрэсліў ён. - Таму развіццё адносін цяпер нас задавальняе. Думаю, нам не трэба губляць тую дынаміку, якую мы намецілі".

Прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць паслу за яго дзейнасць у Беларусі і арганізацыю работы расійскіх СМІ ў Беларусі. "Вы літаральна за гэтыя месяцы зрабілі столькі, колькі папярэднія паслы не рабілі за гады. Дай бог, каб расійскі пасол і далей так працаваў. Нас гэта задавальняе", - заяўляе кіраўнік дзяржавы.

Дзмітрый Мезенцаў расказаў, што некалькі дзён таму размаўляў са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка. І яна, адзначыў пасол, надае велізарнае значэнне рэгіянальнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Расіяй. "Рыхтуецца вялікая дэлегацыя губернатараў, кіраўнікоў суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Мінск падхоплівае эстафету Пецярбурга, калі на пляцоўцы шостага форуму рэгіёнаў было падпісана пагадненне - дзеля людзей, прадпрыемстваў, бізнес-аб'яднанняў, аграгарадкоў - на $500 млн. Гэта ж не абстрактныя лічбы, а дадатковы аб'ём у тавараабароце, расшырэнне расійскіх рынкаў для беларускіх пастаўшчыкоў ва ўсіх рэгіёнах", - звярнуў увагу дыпламат.

Карыстаючыся выпадкам, Дзмітрый Мезенцаў таксама павіншаваў кіраўніка дзяржавы з мінулым днём нараджэння і ўручыў яму кнігу з тапаграфічнымі картамі Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Першы экзэмпляр факсімільнага выдання 1866 года. "Гэта яшчэ адно пацвярджэнне справядлівасці меж Беларусі, у тым ліку і адказ усім тым, хто глядзіць па-іншаму", - заявіў ён.

Аб гандлёвым супрацоўніцтве

У 2019 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй склаў $35,5 млрд, пры гэтым беларускі экспарт склаўся на ўзроўні $13,5 млрд, імпарт дасягнуў $22 млрд. У студзені-ліпені бягучага года аб'ёмы гандлю знізіліся да $15,8 млрд (амаль 80 працэнтаў да студзеня-ліпеня 2019 года). Беларускі экспарт упаў да $7,15 млрд (93,4 працэнта), але больш пацярпеў імпарт - Расія прадала Беларусі тавараў на $8,65 млрд (71,2 працэнта).

Прадоўжыў спад і экспарт беларускіх паслуг. У 2019 годзе ён склаў $2,95 млрд (95,3 працэнта да ўзроўню 2018 года), у студзені-чэрвені бягучага года ён скараціўся да $1,15 млрд (83,6 працэнта да аналагічнага перыяду 2019 года).

Аснову беларускіх паставак сфарміравалі продажы сыроў і тварагу, сметанковага масла, грузавых аўтамабіляў, згушчанага і сухога малака, вяршкоў, трактароў і седлавых цягачоў, частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў, пластмасавай тары, мяса, мэблі.

З Расіі ў Беларусь імпартуюцца пераважна сырая нафта, уключаючы газавы кандэнсат, нафтавыя газы і іншыя газападобныя вуглевадароды, легкавыя аўтамабілі, адходы і лом чорных металаў, спецыфічныя тавары, плоскі пракат з нелегіраванай сталі гарачакачаны і плакіраваны, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, соевыя бабы, апаратура сувязі і часткі да яе.

Аб міжрэгіянальным узаемадзеянні

У Беларусі пагадненні аб супрацоўніцтве заключаны з 71 расійскім рэгіёнам. Дзейнічае каля 400 пагадненняў аб пабрацімскіх сувязях паміж абласцямі, раёнамі, гарадамі Беларусі і суб'ектамі, муніцыпальнымі ўтварэннямі Расіі. Створана 60 міжрэгіянальных саветаў (рабочых груп) па супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі, пасяджэнні якіх праводзяцца штогод.

За студзень-ліпень у дзясятку лідараў па імпарце тавараў з Беларусі ўвайшлі Маскоўская вобласць і Масква, Смаленская вобласць, Санкт-Пецярбург, Бранская вобласць, Рэспубліка Татарстан, Калінінградская, Ленінградская, Растоўская і Свярдлоўская вобласці. На іх долю прыпала 73,4 працэнта беларускага экспарту ў Расію.

Сярод 10 буйнейшых расійскіх пастаўшчыкоў тавараў у Беларусь - Смаленская, Маскоўская і Цюменская вобласці, Масква, Санкт-Пецярбург, Рэспубліка Татарстан, Калужская і Самарская вобласці, Рэспубліка Башкортастан, Арэнбургская вобласць. Іх доля склала 69 працэнтаў расійскага імпарту.

У 2019 годзе беларускія дэлегацыі зрабілі 108 візітаў у расійскія рэгіёны, дэлегацыі суб'ектаў Расіі 71 раз наведвалі Беларусь. У гэтым годзе, нягледзячы на зніжэнне дзелавой актыўнасці і ўвядзенне абмежаванняў з-за распаўсюджвання каранавіруса, у студзені-жніўні беларускія дэлегацыі зрабілі 16 візітаў у расійскія рэгіёны, а Беларусь наведалі сем дэлегацый з Расіі. Адбылося 11 пасяджэнняў двухбаковых рабочых груп з Архангельскай, Белгародскай, Валагодскай, Кіраўскай, Курскай, Ленінградскай, Арэнбургскай, Тульскай, Цюменскай, Ульянаўскай і Чэлябінскай абласцямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі