Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лістапада 2016, 17:34

Лукашэнка амаль 6 гадзін размаўляў з расійскімі журналістамі

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка амаль 6 гадзін размаўляў з расійскімі журналістамі, якія задалі ў час сустрэчы з кіраўніком дзяржавы больш як 30 пытанняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта традыцыйнае мерапрыемства было арганізавана 13-ы раз і прайшло ў фармаце давернага дыялогу, да якога кіраўнік дзяржавы заклікаў у самым пачатку сустрэчы. Расійскія журналісты і блогеры падрабязна дзяліліся сваімі ўражаннямі аб убачаным у прэс-туры па Магілёўскай вобласці, а таксама цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта па шырокім спектры пытанняў.

"Галоўная мэта такіх сустрэч - збліжэнне нашых народаў, магчымасць данесці аб'ектыўную інфармацыю аб самай блізкай і, спадзяюся, самай роднай для вас зямлі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Расійская Федэрацыя для нас таксама была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам і саюзнікам, а блізкай і брацкай дзяржавай".

Аляксандр Лукашэнка ў сваіх адказах вялікую ўвагу ўдзяліў беларуска-расійскаму супрацоўніцтву, будаўніцтву Саюзнай дзяржавы, міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню, прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй, ажыццяўленню беларуска-расійскіх культурных і адукацыйных праектаў. Была закранута таксама тэматыка маючых адбыцца перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін, вуглевадароднай сыравіны, магчымасцей для паставак прадукцыі, інтэграцыі ў фармаце ЕАЭС, выбараў у ЗША.

"Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, - заявіў Прэзідэнт. - Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб'яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе ўзняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза".

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў многія ўнутраныя тэмы, у тым ліку ўзровень даходаў насельніцтва, эканамічную палітыку, развіццё сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, функцыянаванне ЖКГ, адукацыйнай сферы, спорту і турызму, будаўніцтва гасцініц у рэгіёнах, перспектывы развіцця касмічнай сферы і атамнай энергетыкі, пытанні банкаўскай сферы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, гістарычных каранёў дружбы беларускага і расійскага народаў.

Акрамя таго, расіяне цікавіліся меркаваннем Прэзідэнта па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і ролі Беларусі як мірнай пляцоўкі ўрэгулявання ўкраінскага крызісу.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні, якія датычацца яго асабістых спартыўных, літаратурных і мастацкіх схільнасцей, стаўлення да малой радзімы, адпачынку.

Мерапрыемства было арганізавана для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікаў прэс-туру ў Беларусь. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі