Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 красавіка 2022, 11:23

Лукашэнка: адвакатура павінна быць пад кантролем і дзейнічаць згодна з законам

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адвакатура павінна быць пад кантролем і дзейнічаць згодна з законам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам міністра юстыцыі Сяргея Хаменку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я так разумею, што Мінюст у нас у тым ліку кантралюе работу адвакатуры. Будзем адкрыта гаварыць: я спадзяюся, што і кіраваць будзе працэсамі, звязанымі з адвакатурай. І натарыят. Гэта няпростыя структуры, якія ствараліся ў свой час зацікаўленымі асобамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму яму даводзіцца актыўна ўмешвацца і кантраляваць работу адвакатуры і натарыята: "Там некаторыя хацелі нечага займець, перш за ўсё, для сябе. І гэта на вашай памяці. Вы памятаеце, як мне давялося разбураць гэту, як я яе тады груба называў, "банду", якая там была створана. Не думаю, што мы там вырашылі ўсе пытанні".

"Адвакатура павінна быць пад кантролем, але павінна дзейнічаць згодна з законам і павінна быць сапраўднай адвакатурай. Адвакат павінен выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І яго дзеянні павінны быць заснаваны на нормах закону, а не нейкіх прыдуманых нормах - свабоды слова і іншых свабод. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле даных Мінюста, на пачатак красавіка ў Беларусі працуюць 1836 адвакатаў у 184 юрыдычных кансультацыях. Юрыдычныя паслугі на падставе выдадзеных ліцэнзій аказваюць 1323 індывідуальныя прадпрымальнікі і 334 юрыдычныя асобы. За перыяд 2021 года да гэтага часу Мінюст прыняў рашэнні аб спыненні дзеяння ліцэнзій у адносінах да 47 дэструктыўна настроеных адвакатаў.

У выніку рэалізацыі змяненняў у заканадаўстве ўзмоцнена роля дзяржавы ў рэгуляванні адвакацкай дзейнасці, скасаваны адвакацкія бюро і індывідуальна практыкуючыя адвакаты: спынена дзейнасць 393 адвакатаў, якія працавалі індывідуальна, і 97 адвакацкіх бюро.

У бліжэйшы час плануецца ўвесці атэстацыйны экзамен для асоб, якія аказваюць юрыдычныя паслугі, як неабходную ўмову атрымання ліцэнзіі. Гэта, на думку Мінюста, павысіць адказнасць такіх асоб, а таксама дасць міністэрству магчымасць аператыўна рэагаваць на магчымыя факты іх дэструктыўных паводзін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі