ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 20 кастрычніка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 кастрычніка 2021, 18:50

Калі пачне працаваць новы Кодэкс аб адукацыі і якія рэформы нас чакаюць? Па слядах нарады ў Лукашэнкі

У час нарады
У час нарады

У аўторак 12 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па заканадаўчым удасканаленні сістэмы адукацыі. Абмеркаваць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі і змяненні ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы дамовіліся яшчэ 24 жніўня на Рэспубліканскім педагагічным савеце.

Праект кодэкса быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні і падрыхтаваны да разгляду ў другім. Але паколькі абмеркаванне найбольш важных актаў заканадаўства ў шырокім коле ў Прэзідэнта даўно стала традыцыяй, гэтак жа вырашылі зрабіць і з Кодэксам аб адукацыі. Як растлумачыць у час нарады Аляксандр Лукашэнка, карэкціроўка гэтага дакумента накшталт прыняцця новай Канстытуцыі "і галоўнае пры гэтым не нашкодзіць". Калі ж заканадаўства ў сферы адукацыі зведае змяненні і што навацыі прынясуць вучням, педагогам і іх бацькам? Давайце разбірацца.

Навошта наогул уносяць карэкціроўкі ў Кодэкс аб адукацыі?

Як мы ўжо расказвалі, у красавіку гэтага года праект кодэкса быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні. Прадстаўляючы законапраект на пасяджэнні сесіі Палаты прадстаўнікоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што прававыя нормы накіраваны на далейшае ўдасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, павышэнне якасці адукацыі, удакладненне яе структуры і зместу, умацаванне прэстыжу беларускай адукацыі на сусветным узроўні.

"Дакумент арганічна ўпісваецца ў сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, што ўключае 17 раздзелаў, 64 главы і 297 артыкулаў, шмат змяненняў і дапаўненняў. Яны датычацца як сістэмы адукацыі ў цэлым, так і асобных яе ўзроўняў", - сказаў Ігар Карпенка.

Якія канкрэтна змяненні ўносяцца ў Кодэкс аб адукацыі?

Навацыі ў абноўленым кодэксе можна падзяліць на некалькі блокаў. У дакуменце, у прыватнасці, карэкціруюцца нормы, якія датычацца агульных пытанняў удасканалення сістэмы адукацыі. "Прапануецца іншае азначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый, пад якімі разумеецца здольнасць ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасці з атрыманай адукацыяй", - сказаў Ігар Карпенка на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта.

Прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дапоўнены інклюзіяй і абавязковасцю агульнай сярэдняй адукацыі. Прычым інклюзіўная адукацыя ўлічвае індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а не толькі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як гэта было раней.

Адным з найбольш важных новаўвядзенняў кодэкса стане пашырэнне сферы прымянення мэтавай падрыхтоўкі. Гэта значыць усе арганізацыі, якія маюць перспектыўную патрэбнасць у кадрах, змогуць выступаць заказчыкамі неабходных спецыялістаў.

У кодэксе таксама прадугледжаны новыя падыходы да падагульняючай атэстацыі навучэнцаў. Для вучняў 11-х класаў выпускныя экзамены па беларускай і рускай мовах і матэматыцы будуць сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Гэта зменшыць нагрузку на навучэнцаў, а таксама стане формай незалежнай атэстацыі.

Дарэчы, на нарадзе не ўсе былі згодны з неабходнасцю ўводзіць такі экзамен. Як расказала член Савета Рэспублікі, дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы нумар 14 Каліна Капуцкая, увядзенне нацыянальнага дзяржаўнага экзамену стала адной з дыскусійных тэм.

"Аднак, як паказалі сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі, размовы з выпускнікамі і бацькамі, увядзеннем адзінага экзамену, які адначасова будзе з'яўляцца і выпускным і ўступным, мы вырашаем шэраг праблем, здымаем пэўныя пытанні. У першую чаргу - нагрузку на нашага выпускніка. Сёння яму даводзіцца здаваць выпускны экзамен у школе і праз невялікі адрэзак часу - цэнтралізаванае тэсціраванне. Пры здачы адзінага экзамену, як прадугледжваецца, у яго застанецца час, будзе магчымасць для далейшага праходжання ўступнай кампаніі. Таксама здымаецца пытанне формы здачы экзамену. Цяпер нашы дзеці рыхтуюцца і да пераказу, і да кантрольнай работы, а пры паступленні - да тэста. Увядзенне адзінага дзяржаўнага экзамену аблегчыць работу і педагогу, і дзіцяці", - адзначыла Каліна Капуцкая.

Яшчэ адна навацыя кодэкса - увядзенне магчымасці фінансавання расходаў прыватных школ для забеспячэння даступнасці адукацыйных паслуг для дзяцей пры адсутнасці свабодных месцаў у дзяржаўных установах.

Але для навучэнцаў ёсць і дрэнныя навіны: пашыраюцца падставы для адлічэння. Гэта норма дасць магчымасць спыняць адукацыйныя адносіны з асобамі, якія ўчынілі правапарушэнні супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці або супраць дзяржавы.

Як зменяцца правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы?

Як і ў Кодэксе аб адукацыі, у правілах прыёму пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Адбор такіх абітурыентаў будзе праходзіць на аснове ўнутраных уступных іспытаў па профільным прадмеце да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Адначасова плануецца павялічыць квоты на месцы, прадугледжаныя для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях квоты павялічацца з 60 працэнтаў да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па спецыяльнасцях аховы здароўя - з 50 працэнтаў да 80 працэнтаў, па іншых - з 40 працэнтаў да 60 працэнтаў.

Замацоўваецца асаблівы парадак паступлення ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Без экзаменаў туды змогуць трапіць абітурыенты, якія паспяхова засвоілі праграму дадатковай адукацыі "Школа кіравання" і маюць у атэстаце адзнакі не ніжэйшыя за 9 па профільных прадметах.

Як расказаў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч, каб вылучыць найбольш адораных маладых людзей, у ВНУ плануюць прымаць абітурыентаў не проста па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, але і праводзіць да здачы іспытаў псіхолага-прафесійную гутарку. "Улічваючы, што гэта ўнікальная ВНУ, якая рыхтуе кіраўніцкую эліту нашай краіны, тут павінен быць вельмі адказны падыход", - падкрэсліў рэктар.

"Вельмі важна, каб у сферу кіравання перш за ўсё прыходзілі людзі сапраўды дзяржаўныя, патрыёты сваёй Айчыны, якія гатовы працаваць на ўдасканаленне нашай дзяржавы і грамадства, а не проста атрымаць нейкую прэстыжную спецыяльнасць і потым некуды пайсці, імкнучыся толькі за вузкім матэрыяльным інтарэсам", - сказаў Вячаслаў Даніловіч.

А вось залічэнне ў ССНУ прапануецца праводзіць без ЦТ - па конкурсе атэстатаў. Так хочуць павысіць прывабнасць такой адукацыі ў выпускнікоў і ў асоб, якія маюць прафесійны стаж.

Абітурыенты, што здалі расійскі Адзіны дзяржаўны экзамен (АДЭ), атрымаюць права паступаць у беларускія ВНУ без уступных іспытаў на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці на платнай аснове. Для іх выдзеляць да 20 працэнтаў месцаў ад лічбаў прыёму. Такі падыход, лічаць у Міністэрстве адукацыі, дасць магчымасць прыцягнуць замежных грамадзян у ВНУ і павысіць прывабнасць беларускай адукацыі.

Калі будзе прыняты і ўступіць у сілу новы Кодэкс аб адукацыі?

Як мы ўжо расказвалі, у красавіку гэтага года праект кодэкса быў прыняты дэпутатамі ў першым чытанні. На нарадзе ў Прэзідэнта ў цэлым кодэкс і правілы прыёму канцэптуальна падтрыманы, спецыялістам было даручана яшчэ раз паглядзець на Кодэкс пры падрыхтоўцы да другога чытання.

"Ёсць некаторыя тэхнічныя праўкі, якія ў бліжэйшы час мы адрэгулюем. А ў цэлым кодэкс гатовы да разгляду. Правілы прыёму фактычна сёння ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі. І ў бліжэйшы час будуць унесены кіраўніку дзяржавы ў выглядзе адпаведнага ўказа на падпісанне", - растлумачыў Ігар Карпенка.

Праект абноўленага Кодэкса аб адукацыі ў другім чытанні дэпутаты плануюць разгледзець бягучай восенню. Да гэтага часу яшчэ раз будзе прааналізаваны і дашліфаваны шэраг навацый. Пасля прыняцця ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў дакумент будзе накіраваны ў Савет Рэспублікі на адабрэнне і потым паступіць ужо на подпіс Прэзідэнту.

Але не ўсе артыкулы кодэкса ўступяць у сілу ў адзін момант. Напрыклад, сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем адзіны экзамен у школах плануецца ўвесці з 2023 года. У Прэзідэнта прапрацоўвалі ўсе магчымыя падыходы. "Доўга спрачаліся: будзем уводзіць гэта з 2022 года або з 2023-га. І прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі з 2023 года ўвядзём, каб даць год як адаптацыйны перыяд для тых школьнікаў, якія ўжо змогуць па новай сістэме здаваць экзамены ў школе і выкарыстоўваць іх вынікі для паступлення ў ВНУ", - расказаў Ігар Карпенка.

Інакш кажучы, для тых, хто будзе паступаць у ВНУ ў 2022 годзе, пакуль нічога істотна не зменіцца. Можа, за выключэннем пашырэння мэтавага набору.

На заканчэнне: аб якім асаблівым патрабаванні да сістэмы адукацыі гаварыў Прэзідэнт?

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свет змяняецца вельмі хутка і нацыянальная сістэма адукацыі павінна гэтак жа аператыўна прыстасоўвацца да павеваў часу.

"І галоўнае маё патрабаванне як кіраўніка дзяржавы - справядлівае стаўленне да кожнага чалавека, забеспячэнне роўных магчымасцей для атрымання адукацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вось у плане справядлівасці тут ужо нікуды не дзенешся. Гэта першыя крокі нашых будучых грамадзян. Таму гэтыя першыя крокі павінны быць сумленнымі, прыстойнымі і справядлівымі, у абстаноўцы сумленнасці і справядлівасці".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі