Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 лістапада 2020, 16:13

Якія планы Захад выношвае супраць Беларусі? Лукашэнка на сустрэчы з урачамі агучыў зводкі спецслужбаў

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска агучыў вытрымкі з даных спецслужбаў, у якіх апісваецца стаўленне заходніх палітыкаў да падзей у Беларусі і іх планы адносна краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, інфармацыю "аб тым, што адбываецца вакол Беларусі" ён атрымаў літаральна напярэдадні ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі. "Гэта арыгіналы", - заявіў Прэзідэнт.

Сярэдзіна жніўня. Што гаварылі ў Варшаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?

Першымі Аляксандр Лукашэнка прывёў словы польскага прэм'ера: "Будучыня Беларусі прынцыповая для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы... Варшава зрабіла мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амерыканскія праграмы салідарнасці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэнне беларускіх студэнтаў, спрашчэнне правіл перасячэння граніцы, падтрымка незалежных СМІ".

Паводле слоў Прэзідэнта, афіцыйныя асобы Польшчы заклікаюць НАТА заснаваць спецыяльныя сілы бяспекі ў складзе арміі краін Балтыі і Польшчы. Паводле задумы, гэта армія можа быць задзейнічана для барацьбы з беларускай уладай. "Перамога рэвалюцыі ў Беларусі - таксама нацыянальны інтарэс Польшчы", - прадоўжыў зачытваць заявы польскага прэм'ер-міністра Аляксандр Лукашэнка.

Канец жніўня. Як Польшча прапаноўвала стварыць штучны крызіс у Беларусі

Агучваючы наступную інфармацыю, Прэзідэнт заўважыў: "Гэта размова адбылася 31 жніўня: "Час для прамых перагавораў паміж рэжымам і апазіцыяй яшчэ не настаў. Рэжым Лукашэнкі яшчэ вельмі з'яднаны, армія і КДБ падтрымліваюць яго, а рабочыя наогул не падтрымліваюць ніякай рэвалюцыі. Цяпер мы павінны чакаць і ісці за развіццём падзей".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Польшча прапаноўвала стварыць у Беларусі сітуацыю, каб яе эканоміка абвалілася, рубель абясцэніўся, а паліцы ў магазінах сталі пустымі. "Мы павінны пераканаць Турцыю, Грэцыю, Азербайджан, Арменію не экспартаваць прадукты харчавання з-за небяспекі каранавіруса", - агучыў чарговыя задумы палякаў Прэзідэнт.

Сярэдзіна верасня. Польшча мяняе планы пасля няўдалага перавароту ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў верасні польскі ўрад прыйшоў да высновы, што змяніць сітуацыю ў Беларусі ваеннымі сіламі пакуль нельга.

"Аднак трэба быць гатовымі да гэтага сцэнарыя ў любым выпадку. Мы павінны вырашыць дзве праблемы. Першая: мы павінны падрыхтавацца да ваеннага вырашэння праблемы, запусціць адпаведныя механізмы, якія неабходны для гэтага вырашэння. Другая: мы павінны прадэманстраваць Расіі, што супраць выкарыстання ёю любых узброеных структур у Беларусі", - заяўлялі ў Польшчы.

Канец верасня. Што прапаноўвала Захаду беларуская апазіцыя?

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў вытрымкі з размовы Паўла Латушкі з міністрам замежных спраў Чэхіі. Паводле слоў беларуса, "у дэмакратычнай апазіцыі ніколі не было такіх добрых шанцаў звергнуць дыктатуру ў Беларусі, як цяпер". Ён заяўляў аб неабходнасці міжнароднага прызнання так званага каардынацыйнага савета. "Каардынацыйны савет лічыць, што галоўная мэта ў тым, каб ізаляваць працэс канстытуцыйнай рэформы, прапанаваны Лукашэнкам", - прадоўжыў цытату Прэзідэнт.

"Ніякая Канстытуцыя ім не патрэбна, ніякія канстытуцыйныя пераўтварэнні ім не патрэбны, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Калі прымем новую Канстытуцыю, там будзе размеркаванне ўлады. А ім патрэбны Прэзідэнт з цяперашняй уладай".

Таксама, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каардынацыйны савет у час кантактаў з Захадам выступаў за ваеннае вырашэнне сітуацыі ў Беларусі.

Кастрычнік. Як у Польшчы хацелі пераключыць увагу са сваіх праблем на Беларусь

У кастрычніку Польшча сутыкнулася з палітычным крызісам. Пандэмія прывяла да эканамічных праблем. "Урад мае патрэбу ў альтэрнатыўных рашэннях. Неабходна скарыстаць рэвалюцыю ў Беларусі ў сваіх інтарэсах. Калі Пуцін хоча нармалізаваць адносіны з Захадам, ён павінен здаць Лукашэнку", - прывёў словы польскага прэм'ера Прэзідэнт. Гэтыя заявы ён назваў асабліва цынічнымі і ўнікальнымі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніколі не прасіў расійскае кіраўніцтва аб дапамозе. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Уладзімір Пуцін, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, сам прапанаваў падставіць плячо. Ён разумеў: наступнай будзе Расія.

Лістапад. Украіна ўключаецца ў барацьбу супраць Беларусі

У зводках КДБ таксама былі даныя аб размове міністра замежных спраў Украіны з нямецкім калегам: "Мы страчваем нашы магчымасці, не прымаючы рашучых мер. Еўрасаюзу трэба ўвесці сур'ёзныя санкцыі супраць Беларусі, каб паралізаваць дзейнасць дзяржавы, бізнесу і вытворчасцей".

"Ім што патрэбна? - выказаў неўразуменне Прэзідэнт. - Нават расіяне на мяне заўсёды крыўдзіліся: "Чаму ты ўкраінцаў падтрымліваеш?"

Аднак, нягледзячы на братэрскія адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі, пад Кіевам усё роўна з'явіўся цэнтр інфармацыйнага ўздзеяння на Беларусь, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Простыя людзі да нас вельмі добра ставяцца, па-чалавечы, таму што мы да іх па-братэрску ставіліся, - дадаў ён. - Але які цынізм: спазняемся, трэба хутчэй душыць Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы таксама агучыў выступленне аднаго з міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Малдове: "Мы плануем выціснуць Расію з Украіны і Малдовы. Будзем садзейнічаць інтэграцыі гэтых краін у НАТА, што магчыма нават у рамках "Усходняга партнёрства".

На гэтым жа пасяджэнні выступіў прадстаўнік ЗША: "У Расіі мы хочам паскорыць працэс дэзынтэграцыі: мясцовыя ўлады павінны атрымаць больш паўнамоцтваў, цэнтральная ўлада павінна быць абмежавана. Мы будзем падтрымліваць унутраны канфлікт у расійскім грамадстве. Існуючае кіраўніцтва ў Расіі можа страціць уладу з-за падзей у Беларусі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Захад зацікаўлены ў крызісе ў Беларусі, які падарваў бы пазіцыі Расіі. На думку палітыкаў ЕС, надышоў гістарычны шанц спыніць расійскі ўплыў. "Вось у чым галоўны сэнс, і мы бар'ер на гэтым шляху. На нас павінны патрэніравацца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Але, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сярод лідараў краін Еўрапейскага саюза ёсць і тыя, якія станоўча ацэньваюць лад беларускай дзяржавы. Называць іх Прэзідэнт не стаў, але зачытаў заявы: "Беларусь праводзіць правільную палітыку, захоўваючы сваю эканоміку ў руках дзяржавы. Беларусь не існавала б без моцнага дзяржаўнага ладу. Мы рэалізуем свой нацыянальны шлях развіцця на аснове дзяржаўных кампаній і банкаў. Прэзідэнт Лукашэнка правільна разумее, што ў кіраўніцтве павінна быць адзінства. Мы павінны вучыцца на вопыце Беларусі, у нас павінна быць моцная ідэалагічная аснова".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што падзяліўся гэтай інфармацыяй, каб людзі разумелі яго настроі і дзеянні. "І каб некаторыя ацанілі свае дзеянні", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі ёсць чым адказаць на агрэсію, у тым ліку і ваенную. "Усе мы хочам суверэнітэту і незалежнасці, але незалежнасць вельмі дарагая рэч. Калі беларускі народ гатовы ўтрымліваць гэту незалежнасць, змагацца за яе, чаго б нам гэта ні каштавала, давайце будзем змагацца. Каб чарговы раз нас зноў не адкідвалі і не абувалі ў лапці і не адпраўлялі запрэжанымі ў калёсы. Вось усё пытанне і мой настрой як чалавека. Адсюль і мае дзеянні", - сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі