Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 снежня 2019, 16:00

"Дзяцей выхоўвае або вуліца, або інтэрнэт" - Лукашэнка аб праблемах у адукацыі

4 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Шматлікія звароты грамадзян Мінскага рэгіёна прыцягваюць асаблівую ўвагу да нявырашаных праблем у сферы адукацыі. Гэты факт адзначыў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мной неаднаразова давалася даручэнне навесці парадак у школах. Ва ўстановах, дзе вучацца дзеці, павінны быць створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы", - падкрэсліў беларускі лідар.

У той жа час, згодна з існуючай інфармацыяй, у шэрагу школ Мінскай вобласці ў аварыйным стане знаходзяцца цепласеткі, захламлены падвальныя памяшканні, не працуюць пажарныя апавяшчальнікі. "А гэта бяспека дзяцей! - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна звярнуць увагу на работу з сем'ямі. Прымусіць, калі на тое пайшло, сем'і адказваць за ўласнае дзіця. Мы аддалі гэта ўсё на водкуп. У савецкі час так не было. Адказнасць за выхаванне дзіцяці не толькі на настаўніку, але і на бацьках. Пакуль дарослыя высвятляюць, хто павінен ім займацца - сям'я або школа, яно прадастаўлена само сабе".

"У выніку дзяцей выхоўвае або вуліца, або інтэрнэт. А няўвага да іх вельмі дорага нам абыходзіцца (як гэта было ў Стаўбцоўскім раёне)", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, па-ранейшаму не вырашана праблема забяспечанасці месцамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па месцы жыхарства. У дзіцячых садах Мінскага раёна не хапае амаль 5 тыс. месцаў. Аднак ужо рэалізуецца праграма па будаўніцтве школ і дзіцячых садоў. "Трэба абавязкова вырашыць гэту праблему. Не трэба для дзяцей нечага шкадаваць. Гэта наша будучыня", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу і на безгаспадарчасць у дзіцячых установах у некаторых пытаннях. Напрыклад, няма рэгулятараў у сістэме ацяплення, каб пры цёплым надвор'і стварыць камфортныя ўмовы для вучняў. Кіраўнік дзяржавы даручыў паглядзець на адпаведныя праблемы ў разрэзе краіны.

Кіраўнік дзяржавы даручыў новаму губернатару Мінскай вобласці Аляксандру Турчыну звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя пытанні, а таксама на стан спартыўных аб'ектаў (у тым ліку баз падрыхтоўкі нацыянальных каманд) і якасць работы спартыўных школ, іх аснашчэнне сучасным інвентаром і абсталяваннем. "Што датычыцца развіцця зімовых відаў спорту, мы дамовіліся аб тым, што ўсе базы для лыжных гонак, біятлона будуць забяспечаны ратракамі і снегагенератарамі айчыннай вытворчасці", - нагадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт у гэтым плане падкрэсліў, што заняткі спортам, у тым ліку зімовымі відамі, садзейнічаюць умацаванню здароўя і развіццю фізічнай актыўнасці моладзі. Няхватку такога выхавання відаць, у прыватнасці, на этапе адбору ў армію. "Калі дзіця займаецца зімовым відам спорту, яно ніколі хварэць не будзе", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба звярнуць увагу і на крымінагенную абстаноўку ў Мінскай вобласці. Па ўзроўні злачыннасці на адзінку насельніцтва яна займае першае месца па рэспубліцы (сярэдні ўзровень злачыннасці на 10 тыс. чалавек па рэспубліцы складае 70 злачынстваў, у Мінскай вобласці - 85).

Ёсць статыстыка зніжэння колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аднак пракуратура дакладвае, што ў шэрагу выпадкаў гэта не з'яўляецца вынікам прафілактычнай работы з сем'ямі. "Часцей за ўсё яна тлумачыцца павярхоўным вывучэннем даных і неналежным правядзеннем сацыяльных расследаванняў. Гэта значыць, інфармацыя аб праблемах у сем'ях часта ігнаруецца. Як вынік, своечасова не выяўляюцца пагрозы здароўю і жыццю дзіцяці, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Я хачу, каб вы пачулі тое, што я сказаў. Не так шмат у раёне гэтых нядобранадзейных сем'яў. Гэтыя сем'і павінны быць у вас на кантролі. І з імі размова павінна быць да двух, нават не да трох. Запатрабуйце па поўнай".

"Мы прымалі строгія рашэнні ў рабоце з нядобранадзейнымі сем'ямі. Недапушчальна аслабляць патрабаванні да іх выканання. Лёсы дзяцей - будучыня краіны. Пытанні абароны падрастаючага пакалення павінны быць на пастаянным кантролі кіраўнікоў мясцовай улады любога рангу", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі