Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 ліпеня 2021, 18:59

Больш за 5 гадзін доўжыліся перагаворы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу доўжыліся 5 гадзін 20 хвілін, паведамляе Telegram-канал "Пул Першага".

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіла ў Канстанцінаўскім палацы.

У пачатку перагавораў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адно з галоўных пытанняў, якім неабходна займацца, гэта эканоміка, паколькі не толькі ў адносінах да Беларусі, але і Расіі ўводзяць або прадаўжаюць санкцыі. Тым не менш Прэзідэнт упэўнены, што краіны вытрымаюць гэты ўдар: "Нават не вытрымаем - мы будзем развівацца. Гэта не пытанне. Сёння не атрымаецца манапалізаваць міжнародны парадак дня і націснуць на нас. Не атрымаецца! Свет змяніўся".

Аляксандр Лукашэнка назваў радасным той факт, што расце тавараабарот Беларусі і Расіі. Ён згадзіўся з тым, што любыя санкцыі - гэта магчымасці, у прыватнасці, у плане дыверсіфікацыі эканомікі, імпартазамяшчэння.

Ён таксама адзначыў неабходнасць удзяляць прыярытэтную ўвагу пытанням бяспекі Беларусі і Расіі. "Як бы яны нас ні заспакойвалі (апаненты. - Заўвага БЕЛТА), мы бачым, што зрабілі ў свой час правільна, удзяляючы ўвагу абароне нашых дзяржаў і бяспецы. Я многае вам раскажу, што адбываецца. Дынаміка шалёная. Кожны дзень нешта мяняецца", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праціўнікі ўлады ў Беларусі перайшлі да індывідуальнага тэрору. Гэта стала наступным этапам так званай каляровай рэвалюцыі або мяцяжу ў Беларусі. "Мы ўсіх іх вызначым. І знойдзем, прыцягнем да адказнасці, прытым у сур'ёзнай форме", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, расказаў Прэзідэнт, у Беларусі вельмі актыўна цяпер пачалі работу адносна розных НКА, НУА, так званых заходніх СМІ. "Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджалі. І не дэмакратыю, а вось гэты тэрор", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што Беларусь застаецца для Расіі вялікім і надзейным партнёрам у эканоміцы. Ён звярнуў увагу, што, нягледзячы на знешнія выклікі, санкцыі і пандэмію, эканоміка Беларусі дэманструе нядрэнныя паказчыкі. У прыватнасці, рэспубліка абслугоўвае ўсе крэдыты, больш таго, яе знешні доўг скарачаецца. "У гэтым сэнсе Беларусь надзейны, стабільны партнёр", - заявіў расійскі лідар.

Раней са спасылкай на Telegram-канал "Пул Першага" паведамлялася, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся пра сённяшнюю сустрэчу яшчэ 1 ліпеня ў час тэлефоннай размовы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі