Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 сакавіка 2020, 12:31

"Без міліцыі мы ніяк" - Лукашэнка расказаў аб ролі міліцыі ў барацьбе з каранавірусам

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі не дазваляе расслабляцца, але паддавацца паніцы не трэба. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка расказаў, што збіраўся прыняць з дакладам Юрыя Караева раней, але "гучала, што міністр унутраных спраў западозраны ў каранавірусе". "Аказваецца, жывы і здаровы, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не да таго, што тут некаторыя папісваюць ужо: "Прэзідэнт заявіў, што мы перамаглі каранавірус". Ні ў якім разе. Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. І самае галоўнае, каб мы вельмі адказна ставіліся да гэтых рэчаў".

Юрый Караеў растлумачыў, што яго сын прыляцеў з Кітая якраз у той дзень, калі ў краіне аб'явілі аб распаўсюджванні каранавіруса. "Ён вучыцца ў ваенным універсітэце, вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме. І, зразумела, я таксама насцярожыўся. Але нічога, ужо больш за месяц тут. Вярнуцца назад пакуль не можа", - расказаў міністр.

"Кітайцы малайцы, яны самыя эфектыўныя. Зыходзячы з іх вопыту, мы заўважылі, што асцерагацца трэба людзям са слабым імунітэтам і старым людзям, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось старым я параіў бы менш перамяшчацца, таму што любы вірус для чалавека з аслабленым імунітэтам небяспечны, тым больш незнаёмы".

Прэзідэнт адзначыў, што не проста так закрануў тэму каранавіруса. Паколькі змагацца з распаўсюджваннем гэтага захворвання дапаможа і міліцыя. "Без міліцыі мы ніяк. Але не трэба нікога хапаць, не трэба нікога напружваць. Проста трэба раіць людзям, асабліва старым, дзесьці дапамагчы, падказаць. Калі некаму патрэбна, хлеба і малака ў магазіне набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў аб першым выпадку выяўлення каранавіруса ў Беларусі: інфекцыя была выяўлена ў іранскага студэнта. З часам малады чалавек быў вылечаны. "Дзякуй богу, жывы і здаровы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта зараза заўсёды ў нас вясной, няхай не такая, а іншая. Не разваліўшы ахову здароўя з савецкіх часоў, нам удаецца процістаяць гэтаму. Але ні ў якім разе расслабляцца нельга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Паніка толькі пагаршае сітуацыю".

На думку кіраўніка дзяржавы, беларускія медыкі паспяхова процістаяць распаўсюджванню інфекцыі і ў першую чаргу за кошт таго, што своечасова прынялі неабходныя меры. "Мы працуем пры самым малым падазрэнні. Калі чалавек недзе быў, мы яго правяраем і ўсіх, з кім ён быў у кантакце апошнім часам. Гэта тое, што не рабілася ў Італіі. Італія не працавала на першым-другім узроўні. Толькі калі чалавек захварэў, калі цяжкія клінічныя праявы, тады яго пачыналі лячыць. Вядома, адсюль больш смярцей", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы нічога не ўтойваем, каб не было панікі. Але людзей папярэджваем: будзьце акуратнымі. Пры першай жа насцярожанасці адносна сябе застанься дома, не хадзі па вуліцы і не рызыкуй не толькі сабой, але і іншымі. Вось галоўны метад барацьбы з гэтай заразай", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі