Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 снежня 2021, 13:56

"Апошняе зерне аддадзім". Лукашэнка пра блізкія адносіны з Расіяй і яе рэгіёнамі

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Расіі Ігарам Бабушкіным заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. Ён таксама ў цэлым падкрэсліў, што Беларусь і расійскія рэгіёны звязваюць блізкія адносіны дружбы і супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: для Беларусі ў роўнай ступені важна ўзаемадзеянне з усімі рэгіёнамі Расіі, незалежна ад іх геаграфічнай блізкасці або аддаленасці. "Для Беларусі важных, другарадных, блізкіх або далёкіх губерняў Расіі няма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі побач Смаленшчына, Браншчына або Пскоўшчына, гэта не значыць, што яны нам больш важныя, галоўныя, а Астраханская вобласць другарадная. Наадварот, чым далей, тым важней, каб мы былі разам, былі побач і маглі супрацоўнічаць".

Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі заснавана на трывалым фундаменце добрых беларуска-расійскіх адносін, і яно адбываецца незалежна ад дзеянняў Захаду. "Апошнім часам гавораць: "Неяк яны актывізаваліся, Захад да гэтага падштурхнуў". Нічога падобнага. Мы пачалі выбудоўваць нашы адносіны яшчэ ў 1990-я гады, калі падпісалі пагадненне аб саюзніцтве Беларусі і Расіі. І нават яшчэ раней - калі на рэферэндуме ў Беларусі было пастаўлена пытанне аб Саюзе Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось так, паціху, мы развіваліся, наколькі гэта магчыма, пераадольваючы ўсялякія перашкоды. А тое, што шкодны Захад нам дапамагае, дык не дапамагайце", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Любая вобласць (размова пра рэгіёны Расійскай Федэрацыі. - Заўвага БЕЛТА), расіянін, рускі чалавек - гэта нашы людзі. Мы ніколі не дзяліліся. Можам мы дапамагчы нечым у сельскай гаспадарцы - калі ласка. Апошняе зерне аддадзім, суперэлітнае, каб у вас было добра, - падкрэсліў беларускі лідар. - Можаце вы нам бахчавымі культурамі дапамагчы, параіць або падказаць у нечым - будзем вам вельмі ўдзячныя, тым больш што цяпер гэтым таксама займаемся".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: сёння прадукты харчавання асабліва цэняцца ва ўсім свеце, цэны на іх растуць. А гэта азначае, што ў прыярытэце будзе і ўвесь аграпрамысловы комплекс, уключаючы сельгастэхніку, насенне, угнаенні і гэтак далей. Беларусь у гэтай сферы можа прапанаваць шэраг тавараў і паслуг. "Калі мы чым-небудзь можам вам быць карыснымі, давайце гэта рабіць", - прапанаваў Прэзідэнт. Тое ж датычыцца і супрацоўніцтва ў сферы жыллёвага і дарожнага будаўніцтва, паставак транспарту, ліфтавага абсталявання.

Прэзідэнт таксама абазначыў зацікаўленасць беларускага боку ва ўдзеле ў розных праектах на тэрыторыі Расіі: "Ведаю, што ў вас магутнейшая праграма. Мне Прэзідэнт Расіі пастаянна гаворыць, каб мы ўдзел прымалі - ад касмадрома Усходні (сур'ёзны аб'ект, асабісты аб'ект Прэзідэнта Пуціна) да будаўніцтва школ у самай невялікай вёсачцы".

"Усё, што скажаце, на што мы здольныя, - мы гатовы дапамагаць, рабіць. Спадзяюся, што і з вашага боку будзе такое ж стаўленне і да нас", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Тавараабарот Беларусі з Астраханскай вобласцю за студзень - верасень гэтага года склаў $23,1 млн, што амаль на 29 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2020-га. Экспарт айчынных тавараў склаўся на ўзроўні $4,7 млн, і гэта былі ў асноўным драўняна-стружкавыя пліты, бытавая апаратура, машыны і ўстройствы для пад'ёму, перамяшчэння, пагрузкі і разгрузкі, шэрсць, будаўнічыя дэталі з пластмас. Паказальна, што пастаўкі немелаваных паперы і кардону за 9 месяцаў гэтага года ўзраслі ў 11,7 раза да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

З Астраханскай вобласці ў Беларусь пастаўляліся ў асноўным сера, рыба, спецыфічныя тавары, шэрсць, таматы, ікра, дыні і кавуны, розная агародніна. Усяго за студзень - верасень гэтага года імпартавана прадукцыі на $18,4 млн.

У рэгіёне дзейнічае дылерская сетка беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, уключаючы МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", "Бабруйскаграмаш", "АМКАДОР". Вядзецца работа па стварэнні гандлёва-сэрвіснага цэнтра МТЗ, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2022 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі