Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 красавіка 2021, 14:33

Выступленне Андрэйчанкі на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

ПРЫЯРЫТЭТЫ VI УСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ - ГАЛОЎНЫЯ АРЫЕНЦІРЫ Ў РАБОЦЕ ДЭПУТАТАЎ

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яе падрыхтоўка праходзіла на фоне ўнікальнага па сваім маштабе грамадскага дыялогу, кульмінацыяй якога стала правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу.

Усебаковае і зацікаўленае абмеркаванне пытанняў, ад вырашэння якіх залежыць будучыня Беларусі, дазволіла выпрацаваць дакладную стратэгію эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Воля народа, увасобленая ў дэвізе "Адзінства. Развіццё. Незалежнасць", становіцца безумоўнай праграмнай устаноўкай для ўсіх галін улады. І дэпутацкаму корпусу неабходна актыўна ўключыцца ў рэалізацыю прамых даручэнняў кіраўніка дзяржавы і дакументаў, якія вызначаюць развіццё Беларусі ў бягучым пяцігоддзі.

У цэлым заканадаўчы парадак дня пятай сесіі адлюстроўвае асноўныя прыярытэты, абазначаныя на ўсенародным форуме, - умацаванне суверэнітэту, павышэнне стрэсаўстойлівасці эканомікі ва ўмовах сусветнай нявызначанасці, падтрыманне сацыяльнай стабільнасці і развіццё чалавечага капіталу.

На першы план сёння, безумоўна, выходзіць задача надзейнага забеспячэння бяспекі і абароны грамадзян ад дэструктыўных сіл, якія імкнуцца раскалоць беларускае грамадства і адкінуць рэспубліку ў развіцці на дзесяцігоддзі назад.

Так, мы вытрымалі беспрэцэдэнтны націск. Але, як аказалася, у адрозненне ад многіх краін наша заканадаўства занадта ліберальнае, каб даваць сіметрычныя адказы на новыя формы экстрэмізму і інфармацыйнай агрэсіі. Ліквідаваць гэты прабел - прамы абавязак дэпутатаў.

Нам неабходна аператыўна прыняць ініцыяваны дэпутатамі закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. З пазіцыі ўмацавання грамадскай бяспекі трэба разгледзець законапраекты па пытаннях абароны персанальных даных, процідзеяння экстрэмізму, крымінальнай адказнасці, правядзення масавых мерапрыемстваў, працоўных адносін, сродкаў масавай інфармацыі, адвакацкай дзейнасці і шэраг іншых.

Многія з іх вынесены на сённяшняе пасяджэнне. І далейшую работу з імі трэба ўзяць на асаблівы кантроль, паколькі іх прыняцце дазволіць нам больш эфектыўна процістаяць антыдзяржаўнай і антынароднай дзейнасці. А самае галоўнае - гэта дасць магчымасць сканцэнтраваць намаганні ўлады і грамадства на пераўтварэннях, што датычацца грамадска-палітычнага развіцця, якімі займаецца створаная ўказам Прэзідэнта Канстытуцыйная камісія.

У склад камісіі ўвайшлі дэпутаты. І, безумоўна, мы павінны ўнесці дастойны ўклад у яе дзейнасць. Разам з тым нам вельмі важна прадаўжаць актыўную інфармацыйна-растлумачальную работу з насельніцтвам. Людзі павінны ведаць, як ідзе падрыхтоўка канстытуцыйнай рэформы, бо менавіта ім трэба будзе вызначыць лёс Асноўнага закона на рэферэндуме.

Гаворачы аб Канстытуцыі, адзначу, што яе абнаўленне прывядзе да змянення цэлага масіву заканадаўства. Таму пастаянным камісіям ужо цяпер трэба дзейнічаць з прыцэлам на будучыню, аналізаваць і ўносіць свае прапановы.

Што датычыцца нашых бягучых планаў, тут таксама важна працаваць на апярэджанне, пастаянна ацэньваючы адпаведнасць абмяркоўваемых намі дакументаў мэтам праграмы развіцця на 2021-2025 гады, перш за ўсё ў сферы эканомікі.

Адной з самых прынцыповых пазіцый гэтага блока для нас застаецца паляпшэнне дзелавога клімату. Асаблівай увагі заслугоўваюць навацыі, уносімыя ў заканадаўства аб інвестыцыях. Яны прадугледжваюць умацаванне абароны правоў інвестараў у выпадках нацыяналізацыі або рэквізіцыі маёмасці, неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства. Іх трэба сур'ёзна прапрацаваць з зацікаўленымі, каб выйсці на ўзважанае рашэнне. У цэлым жа праект мае пазітыўны характар, і яго прыняцце дазволіць узмацніць пазіцыі краіны ў перагаворным працэсе па далучэнні да СГА.

Сур'ёзныя меры для павышэння статусу і ролі бізнес-асацыяцый прадугледжаны праектам закона "Аб самарэгулюемых арганізацыях". Надзяленне іх правам самастойна вызначаць стандарты і патрабаванні да ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці дазволіць не толькі знізіць ступень дзяржаўнага рэгулявання галін эканомікі, але і ўзмацніць адказнасць бізнесу перад дзяржавай і грамадствам.

У рамках сесіі таксама чакаецца ўнясенне праекта закона аб вырашэнні праблемы неплацежаздольнасці. Наша задача - абараняючы правы крэдытораў на спагнанне даўгоў, даць магчымасць прадпрыемствам, якія сёння трапілі ў складаную эканамічную сітуацыю, прадоўжыць дзейнасць, захаваўшы тым самым працоўныя калектывы і кампетэнцыі. Гэта прынцыповае патрабаванне кіраўніка дзяржавы.

Эфектыўнасць беларускай эканомікі залежыць непасрэдна ад развіцця чалавечага капіталу. І пры разглядзе новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі асноўны ўпор нам трэба зрабіць на цеснай сувязі адукацыі з навукай і вытворчасцю, раскрыцці творчага патэнцыялу асобы, без чаго ў прынцыпе немагчыма эканоміка ведаў. Навукова-даследчая база вышэйшай школы павінна генерыраваць новыя ідэі, якія дапамогуць нашым вытворцам выпускаць канкурэнтную інавацыйную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Усе гэтыя напрамкі мы абмяркуем з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, работадаўцаў, бізнес-асацыяцый у час парламенцкіх слуханняў, якія запланаваны на чэрвень.

У парадку дня нашай сесіі шмат і іншых пытанняў - аб турызме, дарожным руху, транспартных перавозках, сацыяльнай падтрымцы насельніцтва. Усе яны, несумненна, значныя і прыцягнуць увагу грамадскасці. Гэта патрабуе ад нас якаснай, максімальна аператыўнай работы, каб надаць заканадаўству тую дынаміку і сацыяльную накіраванасць, якія былі абазначаны Прэзідэнтам і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, Палата прадстаўнікоў прадаўжае актыўную міжнародную дзейнасць. Толькі з пачатку года мы правялі каля 30 анлайн-мерапрыемстваў.

Асноўны ўпор дэпутацкі корпус робіць на інфармаванні міжнароднай грамадскасці аб сітуацыі ў краіне, рашэннях Усебеларускага народнага сходу і ходзе іх рэалізацыі.

Карысныя кансультацыі праведзены з нашымі партнёрамі з Аўстрыі, Іспаніі, Турцыі. Адбыліся сустрэчы з пасламі Венесуэлы, Казахстана, Рэспублікі Карэя, Сірыі, Францыі. На чарзе - перагаворы з калегамі з Кітая, і парадак дня гэтай важнай сустрэчы трэба насыціць канкрэтным зместам.

У шматбаковым фармаце мы працавалі на такіх вялікіх міжнародных пляцоўках, як Міжпарламенцкі саюз, МПА АСЕАН, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя і іншыя. Такую работу трэба прадаўжаць, не збаўляючы тэмпаў.

У ходзе зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ беларускай дэлегацыяй быў прадстаўлены праект рэзалюцыі аб процідзеянні спажыванню наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі. Гэта ўжо дзявятая рэзалюцыя, якую мы прапаноўваем на гэтай пляцоўцы. І нам важна забяспечыць яе прыняцце. Нягледзячы на адмену поўнафарматнага правядзення летняй сесіі гэтай арганізацыі ў Бухарэсце, нам усё ж неабходна знайсці магчымасці для далейшай работы з нашымі калегамі па гэтым і іншых пытаннях, якія маюць узаемны інтарэс.

Тэм для дыскусій і абмеркаванняў у нас дастаткова. Свет не становіцца больш бяспечным. Гонка ўзбраенняў, актывізацыя тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, наркотыкі, трансгранічная злачыннасць, стан экалогіі, пандэмія - вырашэнне гэтых праблем не церпіць адкладу. І альтэрнатывы дыялогу і супрацоўніцтву тут няма.

Менавіта на развіццё дыялогу і накіраваны ініцыятывы кіраўніка дзяржавы, якія Рэспубліка Беларусь пашырае на міжнароднай арэне, праводзячы шматвектарны міралюбны знешнепалітычны курс.

Нам трэба прадаўжаць шукаць агульныя падыходы, магчымасці плённых кантактаў. Разважлівых палітыкаў у Еўропе нямала. Упэўнены, што ўсе яны бачаць бесперспектыўнасць палітыкі дыктату, санкцый і ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы.

Толькі беларускі народ мае права вызначаць свой шлях развіцця, уключаючы пытанні канстытуцыйнага будаўніцтва. І заходнім калегам, калі яны хочуць захаваць існуючыя міжнародны парадак і стабільнасць, неабходна падыходзіць да ўсіх працэсаў аб'ектыўна і непрадузята. Са свайго боку беларускія парламентарыі адкрыты да дыялогу і гатовы ўзаемадзейнічаць у любым фармаце.

Безумоўна, галоўным нашым знешнепалітычным партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя. Гэта было падкрэслена і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Сёння ў Мінску і Маскве праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Карыстаючыся выпадкам, хачу сардэчна павіншаваць усіх прысутных у гэтай зале, а таксама расійскіх калег з гэтым святам. Нашы адносіны, заснаваныя на братэрскай еднасці беларускага і рускага народаў, агульных для нас каштоўнасцях, з'яўляюцца гарантыяй далейшага паглыблення саюзнага будаўніцтва і павышэння дабрабыту грамадзян дзвюх краін.

У бягучым годзе мы адзначаем важную падзею - 25-годдзе саюзнага парламентарызму. Для нас гэты юбілей - цудоўная падстава па-новаму зірнуць на пройдзены шлях і намеціць далейшыя перспектывы сумеснай работы. З гэтай устаноўкай нам і трэба ісці на 60-ю юбілейную сесію Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая адбудзецца ў чэрвені.

Яшчэ адна знакавая памятная дата - 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перамога ў якой прадэманстравала свету нязломнасць духу і веліч подзвігу савецкага народа.

На жаль, сёння нам даводзіцца змагацца са спробамі фальсіфікацыі гісторыі, навязвання маладому пакаленню далёкіх ад рэальнасці ўяўленняў аб гэтай вайне, аб нашым мінулым. Дапускаць гэтага ні ў якім разе нельга. Трэба разам адстойваць гістарычную праўду і справядлівасць, што мы і робім з нашымі калегамі па Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, МПА СНД, ПА АДКБ. Чарговым крокам у гэтым напрамку стала правядзенне канферэнцыі па пытаннях захавання гістарычнай праўды з удзелам расійскіх парламентарыяў.

Веданне гісторыі цэментуе грамадства і ўмацоўвае нацыянальную ідэнтычнасць. Таму ў бліжэйшы час мы правядзём парламенцкія слуханні на тэму "Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты ўз'яднання заходнебеларускіх зямель у складзе БССР". Мы ўважліва разгледзім працэсы, што праходзілі напярэдадні Другой сусветнай вайны, і прасочым, які ўплыў яны аказваюць на сучасны стан міжнароднай бяспекі. Упэўнены, што выступленні спецыялістаў стануць для многіх, асабліва для маладых людзей, сапраўдным адкрыццём.

Па выніках слуханняў, акрамя рэкамендацый, неабходна падрыхтаваць матэрыялы для парламентарыяў, якія стануць сур'ёзнай асновай для правядзення інфармацыйна-растлумачальнай работы і патрыятычнага выхавання моладзі, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства.

Гаворачы пра іншыя практычныя задачы дэпутацкага корпуса ў выбарчых акругах, падкрэслю, што яны застаюцца нязменнымі. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады трэба аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнімаюцца грамадзянамі, а па праблемах сістэмнага характару, выкліканых прабеламі ў заканадаўстве, уносіць узгодненыя прапановы па яго карэкціроўцы.

Самую сур'ёзную ўвагу трэба ўдзяліць рэалізацыі на мясцовым і рэгіянальным узроўнях установак кіраўніка дзяржавы, выказаных на Усебеларускім народным сходзе. Асабліва па такіх ключавых пытаннях, як фінансавы стан прадпрыемстваў і арганізацый, тэндэнцыі на рынку працы, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кантроль за цэнаўтварэннем, у тым ліку на сацыяльна значныя тавары і лекавыя сродкі.

Менавіта ад таго, як вырашаюцца штодзённыя праблемы грамадзян, залежаць меркаванне насельніцтва аб эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў і гатоўнасць грамадства падтрымаць уладу ў рэалізацыі сацыяльна-палітычнага курсу. Па сутнасці, гэта пытанне даверу народа дзяржаве. І мы павінны даражыць тым рэсурсам даверу, які ў нас сёння ёсць, штодзённа апраўдваючы яго канкрэтнымі справамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі