Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 верасня 2021, 19:46

У МЗС Беларусі пракаменціравалі дэмарш Прадстаўніцтва ЕС

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве замежных спраў пракаменціравалі дэмарш, заяўлены МЗС Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі граніцы з боку Беларусі ў ЕС. Адпаведныя заявы, адказваючы на пытанне БЕЛТА, зрабіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

"Сёння ў МЗС Беларусі адбылася рабочая сустрэча з супрацоўнікамі Прадстаўніцтва ЕС, на якой абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з сітуацыяй на граніцы. Мы разглядаем гэта так. У дыпламатыі для любога дэмаршу павінны быць дакладныя і пераканаўчыя легальныя падставы, а не эмоцыі, фантазіі і здагадкі. У гэтым выпадку ніякіх падстаў няма і проста не можа быць. Няма іх і ў тэксце абазначанай заявы Прадстаўніцтва ЕС", - сказаў прэс-сакратар.

Ён падкрэсліў, што ў адрозненне ад таго ж еўрапейскага боку, чые прадстаўнікі наогул уводзяць надзвычайнае становішча, каб скрыць ад грамадскасці свае незаконныя дзеянні, Беларусь выконвае ўсе свае міжнародныя абавязацельствы і дзейнічае максімальна транспарэнтна.

"Мы правялі брыфінг у МЗС для кіраўнікоў замежных дыпмісій пасля гібелі на граніцы іракскага грамадзяніна, сілай выкінутага з Літвы. Дарэчы, Прадстаўніцтва ЕС гэта мерапрыемства чамусьці праігнаравала. Мы прапанавалі еўрапейскім дыпламатам выехаць на граніцу і самім азнаёміцца з сітуацыяй на месцы, нам няма чаго скрываць. Аднак гэта прапанова таксама нікога не зацікавіла. Мы аказалі садзейнічанне ў правядзенні візіту на граніцу прадстаўніка УВКБ ААН, каб ён мог паразмаўляць з імі асабіста, убачыць рэальную сітуацыю з бежанцамі на граніцы з Польшчай. Мы забяспечылі да іх доступ супрацоўнікам Чырвонага Крыжа. Менавіта беларускі бок аказвае неабходную медыцынскую дапамогу бежанцам, якіх не хочуць прымаць у парушэнне сваіх міжнародных і нацыянальных абавязацельстваў сумежныя краіны. Мы гатовы і далей прытрымлівацца гэтай лініі", - пералічыў факты Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, спрабаваць сцвярджаць, што Беларусь нейкім чынам мае дачыненне да росту колькасці пераходаў граніцы, - некампетэнтна і непрафесійна. "Мы не маем нічога агульнага з сапраўднымі прычынамі росту патокаў міграцыі з праблемных рэгіёнаў. А вось краіны ЕС, як удзельнікі вядомых кааліцый, маюць да гэтага непасрэдныя адносіны", - заўважыў ён.

Прэс-сакратар МЗС канстатаваў, што геапалітычна Беларусь не можа ўплываць на выбар шляхоў і пунктаў назначэння міграцыі. "Цікава гучыць сцверджанне ЕС аб адсутнасці "аб'ектыўных прычын для росту колькасці нелегальных пераходаў"... Лічу, гэта яны маглі б расказаць грамадзянам краін-донараў, перш за ўсё, у актуальнай сітуацыі - Афганістану", - сказаў прадстаўнік МЗС.

Ён заявіў, што для Беларусі важнейшай задачай застаецца належная ахова ўласных граніц. "Мы давялі да еўрапейскага боку канкрэтныя статыстычныя даныя, якія адлюстроўваюць сістэмныя намаганні беларускіх пагранічнікаў па спыненні каналаў незаконнай міграцыі. На жаль, аналагічных звестак, падмацаваных лічбамі, ад еўрапейскага боку мы не пачулі, - сказаў Анатоль Глаз. - Нагадаю, што менавіта Еўрапейскі саюз яшчэ ў мінулым годзе першым спыніў супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях міграцыі і трансгранічнага супрацоўніцтва. Менавіта ЕС з красавіка не адказвае на нашы прапановы аб правядзенні кансультацый па праблематыцы міграцыі. Дык хто ж на самай справе палітызуе пытанні міграцыі, раскідваючыся ўльтыматумамі, уводзячы санкцыі і абумоўліваючы палітычнымі патрабаваннямі аднаўленне паўнацэннага супрацоўніцтва, у тым ліку па пытаннях граніцы? Адказ відавочны".

Разам з тым прэс-сакратар чарговы раз падкрэсліў, што Беларусь гатова да канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з ЕС па гэтай праблематыцы: "Граніца для нас - заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалоссяў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі