Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 верасня 2020, 11:21

Сівец: парламенты Беларусі і Расіі не могуць стаяць убаку ад спроб фальсіфікацыі гісторыі

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенты Беларусі і Расіі не могуць стаяць убаку ад спроб фальсіфікацыі агульнай гісторыі, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец перад пачаткам работы пасяджэння секцыі "Парламенцкае вымярэнне ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны і ўмацавання адзінства братэрскіх народаў" у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на палях VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у час 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта эпахальная падзея. Роўна 75 гадоў таму свет быў вызвалены ад карычневай чумы. На жаль, мы сёння назіраем, як некаторыя палітычныя сілы спрабуюць перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай, зменшыць ролю і значэнне савецкага народа ў Перамозе над фашызмам, а ў некаторых выпадках нават гераізаваць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых. Вядома, мы не можам стаяць убаку ад спроб фальсіфікацыі гісторыі. Мы абавязаны захаваць для цяперашніх і наступных пакаленняў праўду аб гэтай вайне. І тут, вядома, вялікая роля парламентаў дзвюх краін", - сказаў Сяргей Сівец.

Сенатар дадаў, што парламенты Беларусі і Расіі маюць шырокі спектр магчымасцей для выпрацоўкі і распаўсюджвання адзінай пазіцыі па многіх гісторыка-культурных, палітычных, сацыяльных, эканамічных пытаннях. "У тым ліку ў рамках тых інтэграцыйных утварэнняў, удзельнікамі якіх з'яўляюцца нашы дзяржавы, - падкрэсліў ён. - Перш за ўсё я хацеў бы адзначыць Саюзную дзяржаву - гэта найбольш цесная форма інтэграцыі двух братэрскіх народаў. Мне хацелася б, каб сёння ў рамках нашага форуму былі разгледжаны пытанні інтэнсіфікацыі работы саюзных органаў у плане выпрацоўкі гэтай адзінай пазіцыі праз распрацоўку адзіных законаў, якія маюць прамое дзеянне ў рамках Парламенцкага сходу, праз распрацоўку асноў заканадаўства, што ў далейшым будзе імплементавана ў нацыянальнае заканадаўства Беларусі і Расіі, і ў цэлым праз уніфікацыю і гарманізацыю заканадаўства".

VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 28-29 верасня ў рэжыме відэаканферэнцыі. Ён прысвечаны тэме "Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі". Арганізаваны пяць секцый па некалькіх тэматычных напрамках: парламенцкае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, процідзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці вясковай моладзі. Пройдуць таксама сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі і экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму "Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі".

Пытанні рэгіянальнага супрацоўніцтва, выканання дакументаў, прынятых на папярэдніх форумах, развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзвюх краін разгледзяць на пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Цэнтральнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, на якім будуць падведзены вынікі работы секцый, абмеркаваны ключавыя пытанні і прыняты падагульняючы дакумент.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі