
2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Балгарыі ў Рэспубліцы Беларусь Георгі Васілеў на вечары ў Доме дружбы, прысвечаным Дню вызвалення Балгарыі, расказаў аб тым, як важна захоўваць дружбу паміж народамі і гістарычную памяць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Балгарскі дыпламат падкрэсліў: "Мы сёння сабраліся разам з сябрамі. Мы павінны паказаць, што мы сябры. Час змяняецца. Аднак, калі ёсць дружба паміж народамі, то яна застаецца".
Пасол лічыць важным той факт, што ў Доме дружбы праводзіцца гэта беларуска-балгарскае мерапрыемства, нягледзячы на кавід і такую напружаную сітуацыю ў рэгіёне.
Як падкрэсліла старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова, цяперашнія падзеі ў свеце паказваюць, як важна перадаваць з пакалення ў пакаленне гістарычную праўду пра ваенныя падзеі і ўсімі сіламі старацца захоўваць мір на зямлі. Народная дыпламатыя якраз далучае моладзь да традыцый, да гістарычных падзей і спрадвечных духоўных каштоўнасцей.
Протаіерэй Дзімітрый Харошка, клірык прыхода Храма благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Мінску сказаў: "Настаў час, калі моладзь пачынае страчваць адчуванне роднай зямлі". Ён нагадаў пра дату 3 сакавіка 1878, калі Балгарыя была вызвалена ад асманскага прыгнёту. Гэты дзень, 3 сакавіка, у Балгарыі з'яўляецца нацыянальным днём.
На мерапрыемстве выступілі выхаванцы тэатра-студыі "Акцёр", якія чыталі вершы, прысвечаныя гераічным падзям у Балгарыі і Беларусі.
На вечары прысутнічалі творчая інтэлігенцыя, студэнты, актывісты Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.-0-