Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

МЗС Беларусі апублікавала знешнепалітычны агляд па выніках 2018 года

Палітыка 04.02.2019 | 17:52
Фота з архіва
Фота з архіва

4 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Агляд вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2018 годзе апублікаваны на сайце знешнепалітычнага ведамства, паведамляе БЕЛТА.

"Геапалітычныя вынікі 2018 года прадэманстравалі сістэмны крызіс міжнароднай сітуацыі, што ўсё больш набывае глабальны характар, - адзначаецца ў дакуменце. - Становішча ў свеце характарызавалася ўзмацненнем нестабільнасці і непрагназуемасці, назіралася тэндэнцыя да перманентнага пагаршэння".

У пераліку асноўных выклікаў называюцца ўзмацненне саперніцтва і паглыбленне дэфіцыту даверу паміж вядучымі міжнароднымі ігракамі і цэнтрамі сілы; "тлеючыя" рэгіянальныя канфлікты і з'яўленне новых ачагоў нестабільнасці; абвастрэнне эканамічных супярэчнасцей, гандлёвыя войны, прымяненне санкцый і контрсанкцый; пагроза абвалу міжнароднай сістэмы кантролю над ўзбраеннямі і вяртання да гонкі ўзбраенняў; з'яўленне прынцыпова новых пагроз міжнароднай бяспецы ў кіберпрасторы. "Усё гэта ставіць свет на парог новай халоднай вайны - глабальнага геапалітычнага, эканамічнага, ваеннага, ідэалагічнага процістаяння, узмацняе небяспеку "вялікага канфлікту" з удзелам вядучых дзяржаў", - гаворыцца ў аглядзе.

У 2018 годзе Беларусь востра адчувала на сабе рызыкі ўзрастаючай канфрантацыі. У гэтых няпростых умовах краіна захавала і ўмацавала курс на забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, правядзенне незалежнай і збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, іх спалучэнне з іншымі аб'яднаннямі і праектамі, умацаванне бяспекі ў рэгіянальным і сусветным маштабах.

Як адзначаецца ў дакуменце, "захоўваючы прыхільнасць да стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, Беларусь прадоўжыла выбудоўваць і напаўняць прадметным зместам канструктыўны дыялог з Еўрапейскім саюзам, яго краінамі-членамі і іншымі заходнімі дзяржавамі, Злучанымі Штатамі Амерыкі". Актыўна ўмацоўвалася ўзаемадзеянне з дзяржавамі Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, нацэленае на развіццё супрацоўніцтва па шырокім коле пытанняў, маючых узаемны інтарэс, на дыверсіфікацыю знешнеэканамічнай дзейнасці і асваенне новых рынкаў.

Адным з прыярытэтаў дзейнасці дзяржавы на міжнароднай арэне па-ранейшаму заставалася эканамічная дыпламатыя, накіраваная на забеспячэнне эканамічнай бяспекі, планамернае дасягненне роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі - ЕАЭС, ЕС і рэгіёнамі далёкай дугі.

Будучы адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі, Беларусь прадоўжыла прыкладаць намаганні па дасягненні асноўнага прыярытэту інтэграцыі ў рамках ЕАЭС - стварэння эканамічнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў. Паслядоўна пашыралася на міжнароднай арэне беларуская ініцыятыва "інтэграцыі інтэграцый", якая атрымала ў 2018 годзе актыўнае развіццё.

"Беларусь пацвердзіла ролю краіны, здольнай генерыраваць і рэалізоўваць аб'яднальныя ініцыятывы, перш за ўсё ў галіне рэгіянальнай бяспекі. Беларуская ідэя неканфрантацыйнага супрацоўніцтва і арганізацыі шырокафарматнага міжнароднага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі, набыла экспертнае напоўненне ў час праведзеных у 2018 годзе ў Мінску значных міжнародных мерапрыемстваў: форуму экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" на тэму "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" (23-25 мая); міжнароднай канферэнцыі пад эгідай АБСЕ на тэму "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху" (9-10 кастрычніка); сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (31 кастрычніка - 1 лістапада). Тым самым на практыцы пацверджана запатрабаванасць Мінска ў якасці міжнароднай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прапануюцца шляхі вырашэння найскладанейшых сусветных і рэгіянальных праблем", - гаворыцца таксама ў аглядзе.

Мінскія дамоўленасці па-ранейшаму заставаліся адным з ключавых механізмаў урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. У 2018 годзе Беларусь забяспечыла правядзенне больш як 20 сустрэч у рамках работы трохбаковай кантактнай групы.

Акрамя таго, захавалася высокая дынаміка міжнародных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. Адбыліся 13 візітаў Прэзідэнта Беларусі, сем візітаў прэм'ер-міністра, шэсць візітаў міністра замежных спраў за мяжу, а таксама 46 візітаў афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў у Беларусь (дзевяць візітаў кіраўнікоў дзяржаў, 13 візітаў кіраўнікоў урадаў, 24 візіты на ўзроўні міністраў замежных спраў).

Пасля праведзенай у 2017-2018 гадах аптымізацыі сетка загранустаноў прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у 57 дзяржавах (з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве - у 109). У Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 48 пасольстваў, чатыры аддзяленні пасольстваў, тры гандлёвыя прадстаўніцтвы, 39 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 18 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Па сумяшчальніцтве з Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 91 замежнае дыппрадстаўніцтва.

У 2018 годзе Беларусь прадоўжыла паслядоўную лібералізацыю візавай палітыкі, рэзультатам якой сталі спрашчэнне для грамадзян шэрага краін візавых фармальнасцей, павелічэнне тэрміну знаходжання ў рэспубліцы пры бязвізавым уездзе. Падтрымку ўрада атрымала ініцыятыва МЗС аб распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызму.

"Важным сведчаннем прызнання прафесіі дыпламата, укладу дыпламатычнай службы ў развіццё і станаўленне беларускай дзяржаўнасці, рэалізацыі знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў нашай краіны стала заснаванне ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прафесійнага свята - Дня дыпламатычнага работніка і юбілейнага медаля "100 гадоў дыпламатычнай службе Рэспублікі Беларусь", а таксама геральдычных сімвалаў знешнепалітычнага ведамства - эмблемы, сцяга, знакаў адрознення і ўзнагароды", - адзначаецца ў аглядзе.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Палітыка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Машынабудаванне Беларусі Машынабудаўнічы комплекс Беларусі прадстаўляюць каля 250 вялікіх і сярэдніх арганізацый, у якіх працуюць 192 тыс. чалавек.