Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 кастрычніка 2025, 14:50

"Гандлёвы пратэкцыянізм зводзіць на нішто вынікі рэгіянальнага супрацоўніцтва". Эксперт з Кітая аб выкліках у Еўразіі
 

Лю Цын
Лю Цын
29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік дырэктара Кітайскай акадэміі міжнародных праблем Лю Цын на адной з рабочых сесій ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы засяродзіў увагу на праблемах, з якімі сутыкаецца Еўразія, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"У Еўразіі пражывае больш за ўсё людзей. Але рэгіён атрымлівае не толькі плюсы ад глабалізацыі, але і сутыкаецца са шматлікімі сур'ёзнымі выклікамі: пагрозамі як у эканоміцы, так і ў сферы бяспекі", - сказаў Лю Цын.

Ён адзначыў, што Еўразійскі рэгіён знаходзіцца на стыку розных рызык. "З пункту гледжання эканомікі наяўнасць шматлікіх супярэчнасцей прывяла да ўзнікнення складаных рызык. З аднаго боку, незбалансаванае развіццё становіцца ўсё больш прыкметным. Паміж развітымі краінамі і краінамі, якія сталі на шлях развіцця, існуе разрыў, паколькі ў некаторых краінах слабая прамысловая база і недастатковая ўстойлівасць прамысловасці. З другога  боку, геапалітычны крызіс у Еўропе справакаваў ваганні цэн на энерганосьбіты. Краіны, якія залежаць ад іх імпарту, знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Пры гэтым змяненне клімату паўплывала на асноўныя экалагічныя праблемы ў такіх рэгіёнах-вытворцах, як Цэнтральная і Паўднёва-Усходняя Азія. А ваганні ў вытворчасці збожжа непасрэдна пагражаюць стабільнасці паставак у рэгіёне", - упэўнены эксперт.

Яшчэ больш трывожным, на яго думку, з'яўляецца тое, што рост гандлёвага пратэкцыянізму зводзіць на нішто вынікі рэгіянальнага супрацоўніцтва. "Некаторыя краіны штучна ствараюць гандлёвыя бар'еры і перашкаджаюць прагрэсу рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі", - дадаў Лю Цын. У выніку недахоп энергіі павышае кошт супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. "Тэрарыстычная дзейнасць наносіць урон інвестыцыйнаму асяроддзю, а гандлёвыя бар'еры ўзмацняюць канкурэнцыю за рэсурсы", - падкрэсліў ён.

На думку эксперта, важна разумець узаемасувязь паміж эканомікай і бяспекай. Гэтыя два аспекты не ізаляваны адзін ад аднаго.

III Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы праходзіць 28-29 кастрычніка. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Міністэрства замежных справаў Беларусі. У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел дэлегацыі больш як 40 дзяржаў і 7 міжнародных арганізацый. Сярод удзельнікаў - міністры замежных спраў, кіраўнікі інтэграцыйных аб'яднанняў, прадстаўнікі парламентаў, даследчых інстытутаў і аналітычных цэнтраў з Еўропы, Азіі, Блізкага Усходу.-0-

Фота Андрэя Сіняўскага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі