Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 верасня 2021, 14:26

Галоўчанка: Беларусь і Малдова дасягнулі высокіх вынікаў супрацоўніцтва на розных узроўнях

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Малдова дасягнулі высокіх вынікаў супрацоўніцтва на розных узроўнях. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам, які завяршае дыпламатычную місію ў рэспубліцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нагода для сустрэчы - гэта завяршэнне вашай дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Завяршэнне аднаго этапу - заўсёды пачатак другога. Думаю, у вас прысутнічаюць гонар і задавальненне за ўсе чатыры гады, якія вы прапрацавалі ў нашай краіне. Пры вашым асабістым удзеле падтрымліваліся кантакты, рэалізоўваліся эканамічныя праекты, ажыццяўлялася канструктыўнае ўзаемадзеянне Беларусі і Малдовы ў эканамічнай, культурнай, гуманітарнай сферах. Мы дасягнулі высокіх вынікаў, добрай дынамікі кантактаў, у тым ліку на вышэйшым і высокім узроўні", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, візіт Прэзідэнта Беларусі ў Малдову, які адбыўся ў 2018 годзе, надаў істотны імпульс развіццю адносін паміж дзвюма краінамі. Зусім нядаўна Беларусь з візітам наведала старшыня парламента Малдовы.

"Малдова, прынамсі, да апошняга часу, актыўна праяўляла зацікаўленасць у развіцці эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі ЕАЭС, атрымала статус дзяржаўнага наглядальніка. Спадзяёмся, што гэты курс будзе захаваны і новым урадам вашай краіны, і новым складам парламента. Паводле нашай ацэнкі, гэта выгадна ў першую чаргу для эканомікі Малдовы і для яе народа", - сказаў Раман Галоўчанка.

Сярод станоўчых вынікаў двухбаковага супрацоўніцтва прэм'ер-міністр таксама адзначыў адкрыццё прамых авіяцыйных зносін паміж Мінскам і Кішынёвам, перавод грузаперавозак паміж краінамі на бездазвольную аснову, шматлікія культурныя мерапрыемствы.

"Упэўнены, што вы завяршаеце сваю работу на ўздыме. Спадзяёмся, што той рытм, той тэмп адносін, які быў набраны ў гады вашай кадэнцыі ў Беларусі, будзе захаваны вашым пераемнікам, уладамі Малдовы. Мы ўпэўнены, што гэта адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню нашых двухбаковых адносін", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

У сваю чаргу Віктар Сарачан адзначыў, што ў 2018 годзе, выступаючы на эканамічным форуме ў Гомелі, ён абазначыў асноўны прыярытэт узаемаадносін паміж Малдовай і Беларуссю - кааперацыя і стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

"Кааперацыйныя ўзаемаадносіны маюць асаблівасць - адказнасць двух бакоў. Гэта вельмі важны складнік эканомікі, - канстатаваў пасол. - Мы з поспехам збіраем тралейбусы "Белкамунмаш" у Кішынёве ўжо больш за 10 гадоў. Дасягнулі лакалізацыі 45 працэнтаў. Цяпер ужо ёсць думкі аб пашырэнні гэтага прадукту на еўрапейскі рынак. У прыватнасці, у бліжэйшыя краіны - Балгарыю, Румынію. Гэтыя дзяржавы паглядаюць на нашы машыны, паколькі яны даступныя ў абслугоўванні і прывабныя па цане".

У студзені-ліпені 2021 года тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў $123,1 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года павялічыўся на 15 працэнтаў, экспарт - $86,3 млн (рост на 30,8 працэнта), імпарт - $36,8 млн (зніжэнне на 10,2 працэнта). Сальда дадатнае - $49,5 млн. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту сталі спецыфічныя тавары (нафтапрадукты, трактары і седлавыя цягачы, тралейбусы, шкловалакно), малочныя прадукты, лекавыя сродкі, пліты і плёнкі з пластмасы, лесаматэрыялы падоўжна-распілаваныя, пліты драўняна-валакністыя, шкло.

Аснову імпарту тавараў з Малдовы склалі віны вінаградныя натуральныя, моцныя спіртныя напіткі, кукуруза, свежыя фрукты, прыборы і ўстройствы для аўтаматычнага рэгулявання і кіравання, дываны і падлогавыя пакрыцці, агародніна і фрукты кансерваваныя, гіпс, пруткі з нелегіраванай сталі, лекавыя сродкі.

У Малдове дзейнічае больш за 60 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў ТПС і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку створана тры зборачныя вытворчасці (тралейбусы "Белкамунмаш", садова-вінаградарскія трактары Смаргонскага агрэгатнага завода, трактары малой і сярэдняй магутнасці Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў). У Беларусі дзейнічае 23 прадпрыемствы з малдаўскім капіталам, у тым ліку 7 сумесных і 16 замежных арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі