Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 сакавіка 2020, 11:31

Эксперт: да пераздачы карт у сусветнай палітыцы будуць гатовы краіны з тэхналогіямі квантавага інтэрнэту

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У будучым сусветную палітыку чакае пераздача карт з фарміраваннем новых сфер уплыву. Гатовы да гэтага будуць краіны з высокаразвітымі тэхналогіямі, напрыклад, квантавым інтэрнэтам. Такое меркаванне ў прэс-цэнтры БЕЛТА ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Нафта, каранавірус і новая рэальнасць" выказаў навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант.

Як адзначалася, напрошваюцца пэўныя аналогіі паміж цяперашняй сітуацыяй і той, што складвалася ў свеце пасля Першай сусветнай вайны, калі адбываўся фазавы пераход ад адной эпохі развіцця да другой. Падобнасць узмацняецца з-за таго, што тады ж бушавала пандэмія іспанскага грыпу або "іспанкі". Удзельнікі "Экспертнага асяроддзя" паспрабавалі спрагназаваць, якім выйдзе свет з выпрабавання каранавірусам. Так, Аляксей Дзермант звярнуў увагу на агульную тэндэнцыю дэглабалізацыі. "Вялікія ігракі гуляюць на разбурэнне глабальных сувязей, гэта значыць ствараюцца панрэгіёны. Кожны спрабуе, з аднаго боку, замкнуцца, а з другога - уцягнуць у сваю сферу ўплыву больш ігракоў паслабей. Цяпер мы назіраем размежаванне, пасля якога, думаю, ужо надыдзе працэс аб'яднання, але на зусім новых правілах. Таму што карты пераздадуць, і ўзнікнуць ужо новыя моцныя ігракі", - лічыць прадстаўнік Інстытута філасофіі.

Аляксей Дзермант лічыць, што найбольш падрыхтаванымі да новых рэалій будуць краіны, якія разаўюць звышхуткую сувязь, квантавы інтэрнэт, сістэмы аналізу вялікіх даных і тэхналогіі сачэння. Апошнія даюць магчымасць, сярод іншага, кантраляваць стан здароўя вялікіх мас людзей. "Гэта тое, што будзе запатрабавана ў бліжэйшыя 10 гадоў. Краіны, якія гэтага не маюць, не будуць спраўляцца з тымі пагрозамі, якія мы цяпер бачым. Той, хто такія тэхналогіі разаўе, будзе падрыхтаваны да перасдачы карт у будучым", - упэўнены эксперт.

Што датычыцца нафтавага рынку, то, на думку Аляксея Дзерманта, на першыя месцы будуць выходзіць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, якія не завязаны на глабальныя рынкі. "Кожная краіна зможа кантраляваць нейкі свой сегмент і не залежаць ад цэн, якія прапануюць канкурэнты або партнёры. Гэта, магчыма, атамная энергетыка, аднаўляльныя крыніцы энергіі, хоць трэнд яшчэ не настолькі відавочны", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі