Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 студзеня 2019, 15:34

Беларусь жадае лібералізаваць гандлёвыя адносіны яшчэ з 12 краінамі

16 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь прапануе лібералізаваць гандлёвыя адносіны з 12 краінамі, якія ўключаны ў адпаведны пакет. Сумесная работа ў гэтым напрамку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза можа пачацца ўжо ў бягучым годзе, расказаў журналістам першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У знешнеэканамічным складніку асноўная задача (МЗС. - Заўвага БЕЛТА) - гэта развіццё міжнароднага гандлю нашай краіны ў частцы ўмацавання дагаворна-прававой базы, падпісання новых пагадненняў у "пяцёрцы", якая дае магчымасць нашым экспарцёрам адкрываць знешнія рынкі і прасоўваць на іх тавары і паслугі. Значная частка кампетэнцый у гэтай галіне перададзена ў міжнацыянальны орган - Еўразійскую эканамічную камісію, і ў "пяцёрцы" мы вельмі шмат робім у гэтым напрамку", - адзначыў першы намеснік міністра.

Ён нагадаў, што нядаўна было падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і КНР, заключана часовае пагадненне аб рабоце ў рэжыме зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Іранам. Раней таксама ўступіла ў сілу пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам. "У значнай стадыі руху наперад знаходзімся па лініі перагавораў з Ізраілем. Пачалі перагаворы з Егіптам, Індыяй і шэрагам іншых краін. Мы падрыхтавалі ўжо ў Беларусі другі пакет краін, з якімі хацелі б лібералізаваць нашы гандлёвыя адносіны і аблягчыць доступ нашых экспарцёраў на рынкі гэтых дзяржаў", - заявіў Андрэй Еўдачэнка.

Першы намеснік міністра растлумачыў, што распрацоўку другога пакета пачалі яшчэ год таму з улікам таго, што ў бягучым годзе будуць завяршацца перагаворы з краінамі першага пакета. "Другі пакет складаецца з краін, якія, як мы лічым, маюць найвышэйшы патэнцыял для таго, каб абсарбіраваць тавары і паслугі, вырабленыя ў Беларусі. За гэтым стаіць вельмі скрупулёзны разлік, які рабілі нашы эканамісты і загранустановы. Пакуль у гэты пакет мы ўключылі 12 перспектыўных краін. Але паколькі мы цяпер працуем у "пяцёрцы", то нашы партнёры могуць туды дабавіць тыя краіны, у экспарце ў якія яны зацікаўлены. І наша адзіная перагаворная каманда, відавочна, пачне гэту работу ўжо ў другой палавіне года", - сказаў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі