2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржава мае намер пашырыць работу з беларусамі замежжа ў сферах адукацыі, турызму і эканомікі. Аб гэтым міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў сёння на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей заўважыў, што ў 2020 годзе завяршаецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце", таму цяпер пачынаецца распрацоўка новага праграмнага дакумента. "Вопыт практычнай рэалізацыі гэтай праграмы па лініі органаў дзяржкіравання, замежных устаноў паказвае неабходнасць не абмяжоўвацца культурна-гуманітарнай сферай. Мэтазгодна прапрацаваць напаўненне новага праграмнага дакумента такімі напрамкамі, як узаемадзеянне з дыяспарай у сферах адукацыі, турызму, эканамічнае і навуковае супрацоўніцтва, наладжванне сувязей паміж беларускімі дыяспаральнымі маладзёжнымі арганізацыямі", - сказаў кіраўнік МЗС.
Міністр падкрэсліў, што ад прадстаўнікоў беларускай дыяспары чакаюць рэкамендацый па гэтым пытанні. З улікам усіх прапаноў Міністэрства замежных спраў пачне работу па падрыхтоўцы новай праграмы, якая ахоплівала б увесь комплекс пытанняў узаемадзеяння з беларусамі замежжа.
У той жа час Уладзімір Макей адзначыў, што пашырэнне эканамічных інтарэсаў Беларусі за мяжой ужо з'яўляецца важным напрамкам супрацоўніцтва дзяржавы з беларускай дыяспарай у розных краінах. Яе прадстаўнікі ў Германіі, Ізраілі, Кыргызстане, Літве, Малдове, Польшчы, Расіі і Чэхіі актыўна працуюць у гэтым напрамку разам з беларускімі кампаніямі.
Праграма знаходжання членаў Кансультатыўнага савета ў Мінску супала з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў і святкаваннем Дня Незалежнасці. Прадстаўнікі беларускай дыяспары наведалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, дзе хочуць стварыць экспазіцыю, прысвечаную літаратурнай спадчыне беларускага замежжа.
"Я хачу выказаць удзячнасць прадстаўнікам дыяспары ў Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Украіне, Францыі, якія далучыліся да гэтай добрай справы. Некаторыя з вас перадалі ўжо ў музей матэрыялы, звязаныя з жыццём і літаратурнай дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў. Упэўнены, што вяртанне на радзіму спадчыны яе вядомых сыноў і дачок служыць умацаванню нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, і ўдзел дыяспары ў гэтым працэсе вельмі цэнны", - заявіў міністр.
У пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа прынялі ўдзел члены савета з 17 краін, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і грамадскіх аб'яднанняў Беларусі.-0-