Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 кастрычніка 2019, 18:25

Андрэйчанка прыме ўдзел у саміце Руху недалучэння ў Баку

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыме ўдзел у XVIII саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін - членаў Руху недалучэння, які пройдзе ў Баку 25-26 кастрычніка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка выступіць з прывітальным словам на цырымоніі адкрыцця саміту ў якасці прадстаўніка еўрапейскай групы Руху недалучэння. У час агульнай дыскусіі на тэму "Адстойванне Бандунгскіх прынцыпаў для забеспячэння ўзгодненага і адэкватнага адказу на выклікі сучаснага свету" ён зробіць даклад у якасці кіраўніка нацыянальнай дэлегацыі Беларусі. "Спікер закліча ўдзельнікаў саміту падтрымаць ініцыятыву беларускага Прэзідэнта аб адраджэнні ўсёабдымнага перагаворнага працэсу аб шляхах умацавання даверу паміж дзяржавамі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам, а таксама выступіць з канкрэтнымі прапановамі па дасягненні гэтай мэты", - праінфармавалі ў Палаце прадстаўнікоў.

Акрамя таго, 25 кастрычніка адбудзецца двухбаковая сустрэча Уладзіміра Андрэйчанкі са старшынёй Мілі Меджліса Азербайджана Актаем Асадавым. На наступны дзень спікер ад імя еўрапейскай групы Руху недалучэння выступіць на цырымоніі закрыцця саміту.

Міжнародная арганізацыя Руху недалучэння, якая аб'ядноўвае 120 дзяржаў свету на прынцыпах няўдзелу ў ваенных блоках, была створана ў 1961 годзе. Беларусь з'яўляецца членам арганізацыі з 1998 года і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх яе мерапрыемствах. Прыярытэтамі краіны ў Руху недалучэння з'яўляюцца процідзеянне гандлю людзьмі, недапушчэнне палітызацыі правоў чалавека, прымянення аднабаковых прымусовых мер (санкцый), улік інтарэсаў краін з сярэднім даходам у працэсе ўстойлівага развіцця, недапушчэнне распрацоўкі новых відаў зброі масавага знішчэння, актывізацыя дзейнасці Генеральнай Асамблеі і сакратарыята ААН і інш.

У 1955 годзе на Бандунгскай канферэнцыі ў Інданезіі дзяржавы - удзельніцы Руху недалучэння прынялі дэкларацыю аб садзейнічанні міру ва ўсім свеце і супрацоўніцтве на аснове Статута ААН, якая грунтуецца на 10 прынцыпах. У іх ліку - паважанне асноўных правоў чалавека, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх нацый, прызнанне роўнасці ўсіх рас і ўсіх нацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі