Cтаршыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што калі на прадпрыемстве не будзе дысцыпліны, то яго мадэрнізацыя будзе пустой тратай грошай. Такое меркаванне ён выказаў 18 снежня журналістам на прыёме грамадзян ва Уздзенскім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння ў краіне праводзіцца вялікая работа па мадэрнізацыі прадпрыемстваў, стварэнні новых вытворчасцей, у гэта ўкладаюцца вельмі вялікія грошы, але калі на прадпрыемстве не будзе дысцыпліны, парадку і адказнасці на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад радавых работнікаў і заканчваючы кіраўнікамі, то гэта будзе пустая трата часу і грошай", - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што нормы дэкрэта нумар 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый" накіраваны на развіццё краіны і паляпшэнне дабрабыту грамадзян.
"Калі ў працэсе прымянення на практыцы норм дакумента ўзнікнуць нейкія нюансы, мы папрацуем над ім, трэба будзе, унясём дапаўненні", - адзначыў ён.
Прэзідэнт Беларусі падпісаў дэкрэт нумар 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый" 15 снежня бягучага года. Гэты дакумент накіраваны на выкараненне безгаспадарчасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама спыненне фактаў працаўладкавання нядобрасумленных кіраўнікоў на новую кіруючую пасаду. Уводзімыя патрабаванні будуць распаўсюджвацца на работнікаў і кіраўнікоў як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый. Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года.
