Беларусь мае сапраўды канкурэнтаздольны рынак адукацыі, упэўнены дырэктар па маркетынгу і бізнес-развіцці Асацыяцыі бізнес-лідараў Вялікабрытаніі (АВЕ) Ян Фрэйзер. Такое меркаванне эксперт выказаў у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Я на самай справе ўражаны вынікамі дзейнасці Міністэрства адукацыі і гэтай сферы ў Беларусі. Тут навучаецца такая вялікая колькасць замежных студэнтаў - 16 тыс. з 98 краін свету, і ўсё ж краіна гатова прыняць яшчэ. Гэта сапраўды канкурэнтаздольны рынак", - заявіў прадстаўнік брытанскай асацыяцыі.
Цяпер Міністэрства адукацыі Беларусі і Асацыяцыя бізнес-лідараў Вялікабрытаніі (АВЕ) працуюць над рэалізацыяй падпісанага ў красавіку 2014 года мемарандума, які прадугледжвае ўзаемазалік асобных дысцыплін пры паралельным атрыманні беларускага і брытанскага дыпломаў, а таксама ўзаемнае прызнанне дыпломаў. "Сумесная работа брытанскага і беларускага бакоў павысіць прывабнасць адукацыйнай сферы ў Беларусі", - упэўнены эксперт.
Брытанская адукацыя прымаецца ва ўсім еўрапейскім рэгіёне. АВЕ, у сваю чаргу, займае даволі вядомую пазіцыю ў свеце. І спалучэнне гэтай адукацыі з беларускай несумненна прынясе карысць студэнтам, павысіўшы іх каштоўнасць на рынку працы, мяркуе прадстаўнік асацыяцыі. "Думаю, што разам мы зможам зацікавіць большую колькасць людзей навучацца ў Беларусі", - падкрэсліў Ян Фрэйзер.
Асацыяцыя бізнес-лідараў (Association of Business Executives, ABE) з'яўляецца міжнароднай арганізацый і экзаменацыйнай камісіяй, якая прапануе шэраг кваліфікацый у сферы бізнес-менеджменту, што адпавядаюць сучасным акадэмічным і прафесійным стандартам. Заснавана ў 1973 годзе і мае філіялы, адукацыйныя і экзаменацыйныя цэнтры ў 84 краінах.
АВЕ прапануе навучальныя праграмы высокай якасці ў такіх сферах, як кіраванне бізнесам, інфармацыйнымі сістэмамі, кіраванне фінансамі, кіраванне персаналам, маркетынг, стартап і прадпрымальніцтва, турызм і гасцінічны бізнес. Праграмы прадугледжваюць навучанне на розных узроўнях: ад 4-га (падрыхтоўка да паступлення або адзін год бакалаўрыята) да 7-га ўзроўню (магістратура).
Усе праграмы АВЕ акрэдытаваны Камітэтам па прызнанні якасці кваліфікацый і праграм пры Міністэрстве адукацыі Вялікабрытаніі Ofqual. Дыплом АВЕ дае перавагі пры паступленні на далейшае навучанне (перавод) у больш як 80 прэстыжных навучальных устаноў Вялікабрытаніі і іншых краін: многія ўніверсітэты прымаюць студэнтаў з кваліфікацыяй АВЕ адразу на другі або трэці курс праграм бакалаўрыята па адпаведнай спецыяльнасці і на праграмы МВА. Дыпломы кваліфікацый АВЕ прызнаюцца не толькі навучальнымі ўстановамі, але і работадаўцамі па ўсім свеце.
