Чалавек працы павінен пастаянна займацца самаўдасканаленнем, павышаць узровень сваёй кваліфікацыі. Падтрымка гэтага пазітыўнага імкнення павінна стаць адным з прыярытэтаў у ідэалагічнай рабоце ў новых эканамічных умовах. Такое меркаванне выказаў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Ён удзельнічаў у выязным семінары ідэалагічнага актыву Магілёўскай вобласці ў Бабруйску.
Семінар прысвечаны актуальным пытанням ідэалагічнага суправаджэння сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскага рэгіёна. Паводле слоў Ігара Бузоўскага, агульны падыход у арганізацыі вытворчасці, арганізацыі працы насельніцтва, работы асобна ўзятых прадпрыемстваў павінен ажыццяўляцца з прымяненнем новых павеваў у мікра- і макраэканоміцы. "Мы не можам разважаць аб эканоміцы адарвана ад сусветных працэсаў, у прыватнасці, калі размова аб глабальных крызісах, кардынальным змяненні сітуацыі ў эканамічных працэсах, калі гэта закранае працоўныя калектывы на вытворчасцях, - адзначыў Ігар Бузоўскі. - Гэта накладае і пэўную спецыфіку па арганізацыі работы ў ідэалогіі, у выхаваўчай дзейнасці, у адукацыі, у рабочых калектывах".
На думку Ігара Бузоўскага, чалавека працы трэба больш арыентаваць, як павышаць кваліфікацыю, удзяляць увагу самаўдасканаленню, каб у выпадку неабходнасці ён быў гатовы змяніць сваю прафесію. Рынак працы дыктуе новыя задачы і каштоўнасці. Таму акрамя таго, што аб чалавеку павінна клапаціцца дзяржава, ён таксама павінен прыкладаць намаганні, каб самастойна вырашаць свае праблемы і забяспечваць жыццёвыя патрэбнасці.
На вытворчасці хапае розных сацыяльных і эканамічных праблемных пытанняў. "Іх трэба вырашаць, але з-за іх ні ў якім разе нельга забываць аб патрэбнасцях чалавека. І не важна: працуе ён у нейкай грамадскай структуры, на вялікім прадпрыемстве або невялікай вытворчасці, дзяржаўная або прыватная гэта форма ўласнасці. У гэтым выпадку таксама важна роля дасведчанага кіраўніка, які павінен разумець значнасць ідэалагічнай работы, здолець арганізаваць на належным узроўні вытворчы працэс, стварыць спрыяльны клімат у працоўным калектыве, нацэліць яго на атрыманне якаснага выніку", - сказаў Ігар Бузоўскі.
