Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны
Віктар Шадурскі

Факультэт міжнародных адносін БДУ стаў членам - заснавальнікам Сеткі аналітычных цэнтраў Шаўковага шляху

Інтэрв'ю 24.11.2015 | 17:32
Віктар Шадурскі Віктар Шадурскі Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ

Факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў членам - заснавальнікам Сеткі аналітычных цэнтраў Шаўковага шляху (Silk Road Think Tank Network, SiLKS). Новая структура заснавана ў кастрычніку ў Мадрыдзе ў час работы II Міжнароднага форуму па Шаўковым шляху. Аб тым, як і для чаго стваралася Сетка, якая роля Беларусі ў новым Шаўковым шляху, а таксама аб важнасці беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў сучасных рэаліях расказвае ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА дэкан ФМА БДУ прафесар Віктар Шадурскі, які выступіў з дакладам на мадрыдскай сустрэчы.

- Віктар Генадзьевіч, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна, што такое Сетка аналітычных цэнтраў Шаўковага шляху?

- SiLKS з'яўляецца незалежнай і нефармальнай сеткай, якая ініцыіравана і кіруецца аналітычнымі цэнтрамі, міжнароднымі арганізацыямі. Яе дзейнасць будзе накіравана на паглыбленне супрацоўніцтва, абмен інфармацыяй і ведамі сярод аналітычных цэнтраў, унясенне ўкладу ў рэгіянальнае і глабальнае працвітанне і стабільнасць.

У лік 43 членаў-заснавальнікаў увайшлі структуры з 27 краін, у тым ліку такія аўтарытэтныя аналітычныя цэнтры, як Chatham House (Вялікабрытанія), Цэнтр даследаванняў развіцця Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія), Інстытут Далёкага Усходу Расійскай акадэміі навук, Цэнтр стратэгічных даследаванняў МЗС Турцыі, Цэнтр стратэгічных даследаванняў пры Прэзідэнце Азербайджана, Інстытут сусветнай эканомікі і палітыкі пры Фондзе Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, Карэйскі інстытут міжнароднай эканамічнай палітыкі, Інстытут стратэгічных даследаванняў Манголіі, Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў Інданезіі. Большую частку ўдзельнікаў прадстаўлялі даследчыкі, кіраўнікі і супрацоўнікі дзяржаўных структур КНР.

Задачамі SiLKS з'яўляюцца правядзенне сумесных даследаванняў па пытаннях эканамічнага і сацыяльнага развіцця ў краінах і рэгіёнах, прадастаўленне кансультацый урадам, прадпрыемствам і арганізацыям, узаемаабмен інфармацыяй і ведамі з дапамогай правядзення штогадовых форумаў Шаўковага шляху, круглых сталоў, публікацый.

Дарэчы, I Міжнародны форум па Шаўковым шляху быў праведзены ў Стамбуле ў снежні 2014 года. Наступны форум намечана правесці ў адной з краін Азіі. Арганізатарамі ж цяперашняй сустрэчы ў Мадрыдзе выступілі Цэнтр даследаванняў развіцця Дзяржаўнага савета КНР, Цэнтр міжнародных адносін і ўстойлівага развіцця Сербіі, пасольства КНР у Іспаніі.

- На ваш погляд, што прадэманстравалі вынікі мадрыдскай сустрэчы?

- Вынікі форуму ў Мадрыдзе прадэманстравалі высокі ўзровень дыскусіі, у якой закраналіся як канкрэтныя пытанні рэалізацыі кітайскай ініцыятывы "Адзін пояс - адзін шлях", так і пытанні глабальнага развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве. Напрыклад, кіраўнік Цэнтра даследавання развіцця Дзяржсавета КНР Лі Вэй у ходзе заснавання Сеткі аналітычных цэнтраў Шаўковага шляху выказаў меркаванне, што рэалізацыя праектаў эканамічнага пояса Шаўковага шляху і марскога Шаўковага шляху XXI стагоддзя можа стаць эфектыўным інструментам не толькі па вырашэнні бягучых эканамічных супярэчнасцей, але і прывесці да новай фазы працвітання ў глабальнай эканоміцы. Каб дасягнуць гэтага, краіны павінны супрацоўнічаць на глабальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях.

Нягледзячы на актыўную дыскусію, на думку некаторых удзельнікаў форуму, абмеркаванню мегапраекта не хапала канкрэтыкі, яркіх і паспяховых прыкладаў супрацоўніцтва краін, уключаных у ініцыятыву "Адзін пояс - адзін шлях".

На фоне гэтага Беларусь змагла прадставіць свой пазітыўны вопыт. У якасці канкрэтнага прыкладу рэалізацыі мегапраекта КНР я прывёў будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", ад стварэння якога чакаецца каласальны эканамічны доўгатэрміновы эфект. Праект мае ўсе шанцы стаць выдатным прыкладам узаемавыгаднага супрацоўніцтва рознамаштабных дзяржаў.

- У сваім выступленні Вы агучылі і некаторыя іншыя аспекты беларуска-кітайскага супрацоўніцтва...

- Так, сапраўды, з трыбуны гэтага форуму я расказаў і аб тым, што давер да Кітая ў Беларусі грунтуецца на практыцы двухбаковых сувязей на працягу ўсяго перыяду, які пачаўся пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Гісторыя ўзаемадзеяння Мінска і Пекіна пераканала беларускае грамадства ў тым, што Кітай паважае суверэнітэт краіны, унутры- і знешнепалітычны выбар Беларусі. Кіраўніцтва КНР на практыцы паказала, што яно не навязвае сваім партнёрам палітычных умоў, не імкнецца да стварэння наднацыянальных палітычных органаў, а крок за крокам, праз эканамічнае супрацоўніцтва, праз рэалізацыю розных праектаў, стварае для сваёй краіны пояс добразычлівасці.

Трэба асабліва падкрэсліць, што Беларусь і Кітай не мелі і не маюць рознагалоссяў у падыходах да вырашэння важных сусветных праблем, яны адзіныя ў стварэнні шматпалярнага свету, асуджэнні агрэсіі і ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін, процідзеянні фальсіфікацыі гісторыі і перш за ўсё падзей Другой сусветнай вайны.

Хацеў бы таксама звярнуць увагу на добрую дынаміку ўзаемнага гандлю і рост тавараабароту паміж дзвюма краінамі. Існуюць абгрунтаваныя чаканні, што новы інтэграцыйны праект будзе і далей садзейнічаць канверсацыі актыўных палітычных адносін у пашырэнне ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва, змяншэнне дысбалансу ў гандлі.

Многія эксперты лічаць, што з пачаткам рэалізацыі праекта эканамічнага пояса Шаўковага шляху статус Беларусі ў знешняй стратэгіі Пекіна значна павысіўся. Гэта меркаванне абгрунтоўваецца не толькі дружалюбным характарам беларуска-кітайскіх адносін і ўзроўнем усебаковага стратэгічнага партнёрства, але і прызнаннем нашай краіны ў якасці важнага звяна ў развіцці сувязей паміж Азіяй і Еўропай. Гэты факт добра прадэманстраваў трохдзённы візіт у Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

На маю думку, значэнне Беларусі ў стратэгічных планах Кітая ўзмацніла сітуацыя ва Украіне, якая таксама займае зручнае геапалітычнае становішча паміж Азіяй і Еўропай. Летам 2011 года Кітай і Украіна падпісалі дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве, КНР планавала рэалізацыю ва Украіне шэрага маштабных інфраструктурных праектаў, праектаў у сферы энергетыкі і сельскай гаспадаркі. Укладанні не апраўдалі існуючых разлікаў. У гэтым кантэксце Беларусь набыла асаблівае значэнне для Пекіна як краіна, якая адыгрывае стабілізуючую ролю ва Усходняй Еўропе.

Беларускія пазіцыі былі таксама ўзмоцнены членствам краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Заўважу, што на мадрыдскай сустрэчы вялікі інтарэс выклікаў вопыт Беларусі і КНР па стварэнні "Вялікага каменя", і яго абмеркаванне актыўна працягнулася ў кулуарах мерапрыемства. Такім чынам, беларуска-кітайскія праекты выклікаюць вялікі міжнародны інтарэс і набываюць асаблівае значэнне ў кантэксце рэалізацыі канцэпцыі "Адзін пояс - адзін шлях".

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Версія для друку
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Машынабудаванне Беларусі Машынабудаўнічы комплекс Беларусі прадстаўляюць каля 250 вялікіх і сярэдніх арганізацый, у якіх працуюць 192 тыс. чалавек.