Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
08 красавіка 2022, 17:14
Віктар Каранкевіч

Арганізацыі Мінэнерга ўзмацнілі работу па імпартазамяшчэнні ва ўмовах санкцый

Віктар Каранкевіч
Міністр энергетыкі Беларусі

2021 год стаў для энергетычнага комплексу Беларусі шмат у чым знакавым. Уведзены ў прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі, рэалізаваны значныя праекты па ўводзе новых генерыруючых магутнасцей, мадэрнізацыі вытворчасцей тарфяной прамысловасці і газавай сферы, лічбавізацыі тэхналагічных працэсаў. Гэта садзейнічала ўмацаванню энергабяспекі краіны. У бягучым годзе перад галіной стаяць не менш важныя задачы. Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца імпартазамяшчэнню. Якія праекты запланаваны да рэалізацыі і як прадпрыемствы энергакомплексу рэагуюць на знешнія абмежаванні, у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

- Віктар Міхайлавіч, якія меры прыняты ў энергасістэме для забеспячэння ўстойлівасці работы комплексу ва ўмовах санкцый? Як выбудоўваюць сваю работу арганізацыі галіны?

- Урад прымае комплексныя меры па забеспячэнні ўстойлівай работы галін эканомікі краіны, у тым ліку паліўна-энергетычнага комплексу ва ўмовах знешніх абмежаванняў. Наша галоўная задача - надзейнае і бесперабойнае энергазабеспячэнне спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. Для яе рэалізацыі створаны ўсе неабходныя ўмовы.

У 2021 годзе арганізацыі галіны спрацавалі стабільна: даведзеныя ўрадам заданні і ключавыя паказчыкі выкананы, прадаўжалася сістэмная работа па абнаўленні асноўных вытворчых фондаў арганізацый энергакомплексу, павышэнні надзейнасці работы энергасістэмы. У мінулым годзе аб'ём выпрацоўкі электраэнергіі вырас на 6,4 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам і склаў амаль 41 млрд кВт/гадз. Энергазабеспячальнымі арганізацыямі адпушчана 37,2 млн Гкал цеплавой энергіі, або 116,3 працэнта да ўзроўню 2020 года. Аб'ём пастаўкі газазабеспячальнымі арганізацыямі прыроднага газу спажыўцам рэспублікі за мінулы год склаў 19 млрд куб.м.

Ключавы для галіны праект - будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. 10 чэрвеня 2021 года першы энергаблок станцыі ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю. З моманту яго ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) выпрацавана 8,8 млрд кВт/гадз. электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць каля 2,3 млрд куб.м прыроднага газу.

Задачы на бягучы год - не менш напружаныя, але выканальныя. Ва ўмовах знешніх абмежаванняў нам сапраўды даводзіцца па асобных напрамках карэкціраваць сваю работу, перш за ўсё пашыраць праекты па імпартазамяшчэнні, выбудоўваць новыя лагістычныя ланцугі ва ўсходнім напрамку, умацоўваць кантакты з кампаніямі з дружалюбных краін. Санкцыйны націск - гэта, безумоўна, новыя выклікі, з якімі нам даводзіцца сутыкацца. Аднак гэта і новыя магчымасці, якія мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць.

- Важным напрамкам ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў з'яўляецца паскоранае імпартазамяшчэнне і арганізацыя вытворчасці абсталявання на айчынных прадпрыемствах. Што робіцца ў галіне ў гэтым напрамку?

- Імпартазамяшчэнне з'яўляецца важным дзяржаўным прыярытэтам у нашай краіне, гэта адзін з інструментаў развіцця ўнутранага рынку. На працягу апошніх гадоў ва ўсіх галінах эканомікі рэалізоўваліся меры па імпартазамяшчэнні з акцэнтам на высокатэхналагічныя напрамкі і тавары, умацаванне міжгаліновай кааперацыі. Дзякуючы гэтаму створаны добры зачын, які сёння дазваляе нам аператыўна рэагаваць на знешнія абмежаванні, эфектыўна выкарыстоўваць існуючы ў краіне вытворчы і інавацыйны патэнцыял.

Ва ўмовах санкцый работа па імпартазамяшчэнні значна пашырылася, прымаюцца дадатковыя меры для зніжэння залежнасці ад паставак абсталявання і тэхналогій з іншых краін. Адпаведныя меры рэалізуюцца і ў арганізацыях энергетычнага комплексу. У рамках плана па імпартазамяшчэнні асвойваецца вытворчасць прадукцыі перш за ўсё для ўласных патрэб арганізацый галіны. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням аўтаматызацыі і лічбавізацыі вытворчых працэсаў у сферы эдектраэнергетыкі. У прыватнасці, асвоена вытворчасць шэрага найменняў лічыльнікаў электрычнай энергіі, рэклоўзераў для кіравання электрычнымі сеткамі, кантралёраў, што выкарыстоўваюцца ў складзе аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхналагічнымі працэсамі, такімі як вулічнае асвятленне, сістэмы аўтаматычнага кантролю і ўліку электрычнай энергіі і гэтак далей.

У рамках рэалізацыі інвестыцыйных праектаў сфарміраваны пералік з 50 пазіцый - абсталявання і камплектуючых, тэхналогій і праграмнага забеспячэння, вытворчасць якіх будзе асвоена ў 2022 годзе на прадпрыемствах Мінэнерга.

- Якія прадпрыемствы валодаюць найбольшым патэнцыялам у сферы імпартазамяшчэння?

- Добры прыклад - ААТ "Белэнергарамналадка", якое мае ўнікальны вопыт у галіне рэверсіўнага рэінжынірынгу, ажыццяўляе мадэляванне вузлоў і механізмаў з дапамогай высокадакладнага 3D-сканера. Прадпрыемства мае ўласнае праектна-канструктарскае бюро і акрэдытаваную лабараторыю кантролю металаў і зваркі, што дазваляць выконваць паслугі па распрацоўцы поўнага камплекта канструктарскай дакументацыі, неабходнага для вытворчасці вырабаў і запчастак.

Праекты па імпартазамяшчэнні шырока рэалізуе Навагрудскі завод газавай апаратуры, дзе ажыццяўляецца выпуск рэгулятараў ціску газу, шэрага мадыфікацый аўтамабільных і бытавых газавых балонаў і іншых відаў прадукцыі.

Уключаны ў гэты працэс і арганізацыі тарфяной прамысловасці. Па аб'ёмах здабычы торфу Беларусь займае 4-е месца ў свеце, па аб'ёме вытворчасці брыкетаў - першае. Штогод у рэспубліцы здабываецца каля 2 млн т торфу. Прыярытэт - вытворчасць тарфянога паліва, якое дае магчымасць замяшчаць выкарыстанне імпартуемых прыроднага газу і каменнага вугалю. Асаблівая ўвага ўдзяляцца павелічэнню паставак названай прадукцыі арганізацыямі цэментнай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так, за апошнія пяць гадоў аб'ём спажывання фрэзернага торфу на кацельнях ЖКГ вырас у 2,5 раза: з 25,9 тыс.т у 2016 годзе да 75,3 тыс.т у 2021-м. Да канца бягучай пяцігодкі гэты аб'ём плануецца нарасціць да 160 тыс.т.

Прадаўжаецца рэалізацыя праектаў па выкарыстанні паліўнага торфу ў цэментнай галіне. У перыяд з 2015 па 2019 год на цэментных заводах уведзены дзве лініі па падрыхтоўцы і спальванні паліўных брыкетаў, рэалізаваны праект па спальванні тарфяной сушонкі. За кошт гэтага аб'ёмы спажывання тарфянога паліва выраслі з 80 тыс.т у 2015-м да 358 тыс.т у 2021 годзе. Стаіць задача і далей нарошчваць гэтыя аб'ёмы, у тым ліку за кошт павелічэння паставак тарфяной сушонкі ў ААТ "Краснасельскбудматэрыялы".

Дадатная дынаміка адзначаецца і ў сферы вытворчасці тарфяной прадукцыі няпаліўнага прызначэння: верхавога кіпаванага торфу і пажыўных грунтоў, запатрабаваных у сельскай гаспадарцы. Аб'ёмы выпуску такой прадукцыі павялічваюцца, асвойваюцца новыя напрамкі. Напрыклад, цяпер прапрацоўваецца пытанне стварэння на базе філіяла ТВУ "Бярозаўскае" УП "Брэстаблгаз" вытворчасці новага віду тарфяной прадукцыі няпаліўнага прызначэння - покрыўнага матэрыялу для вырошчвання грыбоў. Агульны аб'ём унутранага рынку гэтай прадукцыі ў краіне ацэньваецца прыкладна ў памеры 50 тыс.т у год. Значную частку ад гэтага аб'ёму раней імпартавалі. З улікам наяўнасці ўласнай сыравіннай базы ёсць магчымасці замясціць гэты імпарт.

- Як выбудавана супрацоўніцтва ў сферы імпартазамяшчэння з расійскімі калегамі? Ці рэалізуюцца сумесныя праекты?

- Безумоўна, мы цяпер над гэтым працуем, у тым ліку сумесна з Міністэрствам прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі. Створана адпаведная беларуска-расійская рабочая група.

Цяпер беларускім бокам фарміруецца пералік запатрабаваных у энергасістэме Беларусі таварных пазіцый, вырабляемых арганізацыямі Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу расійскім бокам прадстаўлены пералік беларускіх вытворцаў, кампетэнцыі якіх запатрабаваны на расійскім рынку. Гэтыя пералікі ў бліжэйшы час будуць дэталёва прапрацаваны рабочай групай.

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі