Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 верасня 2016, 18:53

"Зубр Капітал" запускае ў Беларусі фонд прамых інвестыцый аб'ёмам $50 млн

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кампанія "Зубр Капітал" запускае ў Беларусі фонд прамых інвестыцый Zubr Capital Fund I (ZCFI) аб'ёмам $50 млн. Аб гэтым паведаміў сёння ў час прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА генеральны дырэктар Кіруючай кампаніі фондамі прамых інвестыцый "Зубр Капітал" Алег Хусаенаў.

Асноўнымі інвестарамі фонду сталі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), чый уклад складае $12,5 млн з магчымасцю павялічыць долю, і кампанія Wargaming. Фонд мае намер рабіць доўгатэрміновыя - на 5-7 гадоў - інвестыцыі ў развіццё прыватных беларускіх кампаній з высокім экспартным патэнцыялам. У сферы інтарэсаў ZCFI - інфармацыйныя тэхналогіі, вытворчасць тавараў народнага спажывання, рознічны гандаль. Усяго плануецца прафінансаваць 6-8 кампаній.

"За час работы на рынку ў нас сфарміравалася трывалая база экспертаў, але прыцягненне такіх інстытуцыянальных інвестараў, як ЕБРР, адкрывае нам доступ да лепшых экспертаў і практык ва ўсім свеце, - падкрэсліў Алег Хусаенаў. - А наяўнасць у нашым фондзе такога сур'ёзнага іграка, як кампанія Wargaming, дасць магчымасць узмацніць экспертызу ў галіне ІТ".

Паводле слоў кіраўніка праекта па фандрайзінгу кампаніі "Зубр Капітал" Мікалая Шастака, на фарміраванне новага фонду пайшло чатыры гады. "За гэты час мы не проста сабралі грошы інвестараў, але і стварылі "экасістэму", сетку камунікацый для развіцця прамых інвестыцый. Упэўнены, наступныя фонды будзе збіраць значна лягчэй", - адзначыў ён.

"Укладваючы $12,5 млн у ZCFI, ЕБРР падтрымлівае з'яўленне новага ўплывовага іграка на рынку прамых інвестыцый, які можа стаць важнай крыніцай альтэрнатыўнага фінансавання для беларускага прыватнага бізнесу", - падкрэсліў вядучы банкір Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аляксандр Яўсейчык.

Паводле яго слоў, падтрымка мясцовых прыватных кампаній з'яўляецца адной з ключавых мэт ЕБРР у рамках яго цяперашніх стратэгічных прыярытэтаў. А гэта ўмацаванне ўстойлівасці, садзейнічанне інтэграцыі і вырашэнне глабальных і рэгіянальных праблем. За час супрацоўніцтва з Беларуссю ЕБРР інвесціраваў 1,8 млрд еўра ў амаль 70 праектаў, накіраваных на развіццё розных сектараў беларускай эканомікі.

"Зубр Капітал" - першая ў Беларусі прафесійная кампанія, кіруючая фондамі прамых інвестыцый. Створана са складу топ-менеджменту холдынга "Атлант-М" - групы з 28 кампаній, якія аперыруюць на тэрыторыі Расіі, Украіны, Беларусі з 1991 года з агульным штогадовым абаротам больш як $1 млрд. Сфера інтарэсаў уключае выкуп кантрольных пакетаў акцый кампаній і іх далейшае развіццё; прадастаўленне капіталу на развіццё сярэднім і вялікім кампаніям шляхам павелічэння статутнага фонду. "Зубр Капітал" арыентаваны на работу пераважна з вытворчымі кампаніямі ў Беларусі з экспартным патэнцыялам у АЭП.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі