21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ЕАЭС прапрацоўваюць абмежаванне выкарыстання поліэтыленавых пакетаў у магазінах. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па ініцыятыве беларускага боку ідзе работа па ўнясенні змяненняў у тэхнічны рэгламент Мытнага саюза "Аб бяспецы ўпакоўкі". "Мы ініцыявалі змяненні не толькі ў частцы біяраскладальнай упакоўкі, але і ў пытаннях, звязаных з магчымасцю выкарыстання традыцыйных палімераў. Напрыклад, прапанавана абмежаваць выкарыстанне ПВХ-этыкетак на пластыкавай упакоўцы. Такія этыкеткі ператвараюць ПЭТ-бутэльку ў тару, якую нельга перапрацаваць. Размова ідзе таксама пра абмежаванне выкарыстання лёгкіх фасовачных поліэтыленавых пакетаў у аб'ектах рознічнага гандлю, абмежаванне прымянення спажывецкай упакоўкі з успененага полістыролу для харчовай прадукцыі", - сказала Вольга Сазонава.
Для разгляду гэтых змяненняў сфарміравана рабочая група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі ЕЭК і дзяржаў - членаў ЕАЭС. "Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне па абмежаванні ў цэлым увозу палімерных адходаў у Беларусь у рамках Мытнага саюза", - дадала прадстаўнік Мінпрыроды.
Як паведамлялася, з 1 студзеня 2021 года ў беларускім грамадскім харчаванні будзе забаронена выкарыстанне аднаразовых пластыкавых відэльцаў, лыжак, нажоў, палачак для размешвання напіткаў, кубкаў, талерак, трубачак (саломінак) для напіткаў, упакоўкі для прадукцыі грамадскага харчавання і харчовых прадуктаў (кантэйнеры, латкі, скрынкі, ланч-боксы, корэксы, бутэлькі), за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.-0-
