Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 кастрычніка 2018, 17:54

У Беларусі перафармаціруюць сістэму падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна перафармаціраваць сістэму падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, заявіў журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч, каменціруючы стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва "Беларусь - краіна паспяховага прадпрымальніцтва" на перыяд да 2030 года, зацверджаную пастановай Савета Міністраў ад 17 кастрычніка 2018 года нумар 743, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Стратэгія не адмяняе раней прынятыя дакументы, а яшчэ больш канкрэтызуе сярэднетэрміновую і, магчыма, доўгатэрміновую перспектыву развіцця адносін у сферы прадпрымальніцтва, уласнасці і ставіць пэўныя мэты. Самым важным з'яўляецца тое, што мы дакладна разумеем: для дасягнення паказчыкаў, якія закладзены ў стратэгіі ўстойлівага развіцця, у дзяржпраграме "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Беларусі" на 2016-2020 гады, мы павінны перафармаціраваць сістэму падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Магчыма (гэта цяпер знаходзіцца ў прапрацоўцы) аптымізаваць арганізацыі, якія аказваюць гэту падтрымку, і ў прынцыпе ёсць задума перагледзець кола тых суб'ектаў, якіх мы адносім да малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Усім гэтым займаецца Міністэрства эканомікі і ў далейшым будзе ўнесена ва ўрад", - сказаў Дзмітрый Матусевіч.

Паводле яго слоў, паступальнае развіццё эканомікі павінна грунтавацца на развіцці прадпрымальніцтва. "Таму ўсе органы дзяржкіравання будуць выкарыстоўваць гэту стратэгію для таго, каб прымаць кіраўніцкія рашэнні. Гэты дакумент фармалізаваў дзейнасць урада і, па сутнасці, з'яўляецца элементам яго праграмнай дзейнасці. Мы ідзём паэтапна да росту долі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва як аднаго з драйвераў росту эканомікі на сярэднетэрміновую перспектыву. Наша задача - ствараць роўныя правілы гульні, але калі мы бачым, што нам неабходна развіваць больш хуткімі тэмпамі той ці іншы від прадпрымальніцкай дзейнасці, то мы павінны выкарыстоўваць больш рэгулятарных прапаноў фінансавай або нефінансавай падтрымкі", - адзначыў намеснік міністра.

Стратэгія накіравана на далейшае паляпшэнне ўмоў функцыянавання прадпрымальнікаў малых і сярэдніх арганізацый, падкрэсліў Дзмітрый Матусевіч. "Кожны радок у стратэгіі з'яўляецца вельмі сур'ёзным пластом работы для дзяржаўных органаў", - дадаў ён.

Стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва "Беларусь - краіна паспяховага прадпрымальніцтва" на перыяд да 2030 года прынята для павышэння эканамічнай свабоды прадпрымальніцтва і павелічэння яго ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, фарміравання канкурэнтнага асяроддзя і забеспячэння аднолькавых умоў гаспадарання для суб'ектаў розных форм уласнасці. Дакумент вызначае прыярытэтныя напрамкі на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву, асноўныя задачы і прынцыпы ўдасканалення дзяржаўнага рэгулявання і падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва.

Рэалізацыя стратэгіі плануецца ў два этапы: пераходны этап - 2018-2020 гады (удасканаленне інстытуцыянальнай базы і інфраструктуры), асноўны этап - 2021-2030 гады (стварэнне і функцыянаванне канкурэнтаздольнага і адаптыўнага прадпрымальніцкага сектара нацыянальнай эканомікі). У выніку рэалізацыі стратэгіі пры ўзгодненых дзеяннях дзяржорганаў і бізнесу долю суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме валавой дабаўленай вартасці плануецца давесці да 2030 года да 50 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі