Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 мая 2020, 13:46

Пуцін: адзіны тарыф на транзіт газу ў ЕАЭС можа быць уведзены толькі пры адзіным бюджэце і падаткаабкладанні

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзіны тарыф на транзіт газу ў Еўразійскім эканамічным саюзе можа быць уведзены толькі пры адзіным бюджэце і падаткаабкладанні. З такой пазіцыяй выступіў сёння Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі па транспарціроўцы і транзіце газу, то мы лічым, што адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сістэмай падаткаабкладання. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЕАЭС пакуль яшчэ не дасягнуты. Мы з вамі добра гэта ведаем, - сказаў Уладзімір Пуцін. - А пакуль цэны на газ павінны фарміравацца на аснове рыначнай кан'юнктуры, улічваць затраты і інвестыцыі пастаўшчыкоў, а таксама забяспечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал. Гэта звычайная сусветная практыка".

Краіны ЕАЭС падрыхтавалі праект Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, падпісаць дакумент перашкаджае толькі разыходжанне меркаванняў па адным пытанні - тарыфах на транспарціроўку газу. "Ёсць формула, якую падтрымліваюць тры краіны - Расія, Казахстан і Кыргызстан. Яе сутнасць у тым, што падыходы да цэнаўтварэння на газ можна было б вызначыць пазней, на перагаворах аб фарміраванні рынку ЕАЭС. Гэту формулу пакуль не прымаюць нашы армянскія і беларускія калегі, у іх свой пункт гледжання. Калі б яны маглі пагадзіцца з ёй, то іншых перашкод на шляху адабрэння стратэгіі не засталося б увогуле", - сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.

"Калі пазіцыя нашых армянскіх і беларускіх сяброў застанецца без змянення, то, напэўна, было б лагічна наогул выключыць пункт па газу з праекта стратэгіі, каб адобрыць яе. Абмеркаванне падыходаў да цэнаўтварэння на газ можна прадоўжыць па лініі экспертаў дзяржаў-членаў і Еўразійскай эканамічнай камісіі", - прапанаваў Уладзімір Пуцін.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у час пасяджэння прапанаваў адтэрмінаваць зацвярджэнне Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Паводле слоў казахстанскага лідара, неабходна дадаткова абмеркаваць шэраг пытанняў і прыняць дакумент ужо ў час вочнай сустрэчы, якая рана ці позна адбудзецца. "У цэлым падтрымліваючы ідэю яго прыняцця, тым не менш лічу, што існуюць некаторыя пытанні, якія патрабуюць дадатковага абмеркавання і прапрацоўкі. Улічваючы асаблівую важнасць гэтага дакумента, які закладвае асноўныя контуры інтэграцыі на гады наперад, бачыцца мэтазгодным абмеркаваць яго дадаткова і прыняць у ходзе вочнай сустрэчы. Рана ці позна мы ж убачым адзін аднаго", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі