Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 снежня 2018, 15:54

Новыя ўмовы аплаты працы бюджэтнікаў пачнуць дзейнічаць з 2020 года

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект указа аб умовах аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы быў прадстаўлены сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ніякіх надзвычайных рэчаў у гэтым плане няма, гэта нармальны эвалюцыйны рух да ўдасканалення аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Мы мяркуем, што ўказ уступіць у дзеянне з 1 студзеня 2020 года, 2019 год - гэта падрыхтоўчы перыяд".

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, у Беларусі за мінулыя гады сфарміравалася даволі архаічная сістэма аплаты працы бюджэтнікаў. Іх зарплата складаецца не толькі з акладу, але і вялікай колькасці розных даплат і заахвочванняў, колькасць якіх часам перасягае два дзясяткі. "Іншым разам нават не столькі самому работніку, колькі бухгалтару, прафесіяналу ў гэтай справе, вельмі складана зразумець усю сістэму фарміравання заработнай платы. Гэты нарматыўна-прававы акт накіраваны на нармальную, зразумелую сістэму аплаты працы, каб стабільная частка акладу была на ўзроўні 50-60 працэнтаў, астатняе - стымулюючыя надбаўкі", - растлумачыў Аляксандр Турчын.

Акрамя таго, плануецца змяніць адзіную тарыфную сетку, якая складаецца цяпер з 27 тарыфных разрадаў. Іх колькасць скароціцца да 18. "І паміж разрадамі будзе дыферэнцыяцыя каля 6 працэнтаў. Сёння за кошт таго, што мы паднімалі зарплату розным катэгорыям работнікаў, узровень дыферэнцыяцыі паміж разрадамі складае менш як 1 працэнт, інакш кажучы, стымулу рухацца ўверх па тарыфнай сетцы ніякага няма", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.

Прэзідэнт адобрыў праект указа, аднак даручыў яшчэ раз уважліва выверыць дакумент, каб потым у ім не было тэхнічных памылак або недакладнасцей. Ён падкрэсліў, што прыняцце новых норм ні ў якім выпадку не павінна адмоўна паўплываць на зарплаты бюджэтнікаў. "Любыя змяненні, якія прынясуць карысць, заўсёды будуць падтрыманы. Але трэба помніць, што такіх (работнікаў бюджэтнай сферы. - Заўвага БЕЛТА) у нас 850 тыс. беларускіх грамадзян. І ніхто, акрамя дзяржавы, пра іх не паклапоціцца і не абароніць", - заявіў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі