Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 сакавіка 2018, 12:48

МТБанк і ЕБРР заключылі пагадненне аб прадастаўленні сінтэтычнага крэдыту ў беларускіх рублях для фінансавання малога і сярэдняга бізнесу

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МТБанк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця заключылі пагадненне аб прадастаўленні сінтэтычнага крэдыту ў беларускіх рублях для фінансавання малога і сярэдняга бізнесу ў памеры $10 млн, паведамілі БЕЛТА ў МТБанку.

"Гэты крэдыт з'яўляецца сінтэтычным у беларускіх рублях - гэта азначае, што ў рамках заключанага пагаднення запазычанасць фіксуецца ў рублёвым эквіваленце па бягучым абменным курсе, а непасрэдна ліквіднасць у беларускім рублі даступна за кошт продажу прыцягнутай валюты на мясцовым валютным рынку. У Беларусі сінтэтычны крэдыт ЕБРР выдае толькі трэці раз. Апошняя такая крэдытная здзелка заключалася ЕБРР у 2014 годзе таксама з МТБанкам", - падкрэслілі ў банку.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця - стратэгічна важны партнёр МТБанка ўжо на працягу 12 гадоў - банк удзельнічае ў праграме падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ЕБРР з 2006 года. За мінулы час агульная сума крэдытных ліній, выдзеленых Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, перасягнула $50 млн.

"МТБанк і ЕБРР імкнуцца даць максімальныя фінансавыя магчымасці бізнесу ў Беларусі. Заключэнне новага пагаднення з'яўляецца чарговым важным крокам у плённым супрацоўніцтве фінансавых арганізацый. Прыцягнуты крэдыт дасць магчымасць павялічыць фінансаванне малых і сярэдніх прадпрыемстваў у нацыянальнай валюце, попыт на якую істотна ўзрос за апошні год", - адзначылі ў МТБанку.

Старшы банкір ЕБРР па рабоце з фінансавымі ўстановамі ў Беларусі Джахан Шамсіеў падкрэсліў важнасць фінансавання прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў нацыянальнай валюце для іх устойлівага развіцця. На яго думку, кампетэнтнасць і гатоўнасць такіх партнёраў, як МТБанк, да работы з альтэрнатыўнымі фінансавымі рашэннямі робіць магчымым выкарыстанне сучасных фінансавых тэхналогій для падтрымкі рэальных сектараў эканомікі Беларусі.

На думку фінансавага дырэктара МТБанка Дзмітрыя Шыдловіча, вяртанне да практыкі прыцягнення крэдытных сродкаў ад ЕБРР у выглядзе сінтэтычнага крэдыту стала магчымым дзякуючы стабілізацыі ставак па беларускім рублі і праводзімай Нацыянальным банкам Беларусі палітыцы рыначнага курсаўтварэння. Паміж МТБанкам і ЕБРР таксама дзейнічае пагадненне ў рамках праграмы садзейнічання развіццю гандлю з сукупным лімітам $10 млн, у рамках якога фінансаванне прадастаўляецца ў замежнай валюце. "Пагадненні з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця даюць магчымасць МТБанку прадастаўляць падтрымку прадпрыемствам малога і сярэдняга бізнесу як у замежнай, так і нацыянальнай валюце - у залежнасці ад патрэбнасці кліента", - канстатавалі ў банку.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, якая падтрымлівае пераход да рыначнай эканомікі, а таксама развіццё прыватнай і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў больш як 30 краінах свету ад Марока да Манголіі і ад Эстоніі да Егіпта. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 65 краін свету, Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

МТБанк - буйнейшы ў краіне банк з прыватным беларускім капіталам з больш як 20-гадовым вопытам работы. МТБанк з'яўляецца ўніверсальным банкам, які паспяхова развівае рознічны бізнес і абслугоўванне юрыдычных асоб. Уваходзіць у тройку беларускіх банкаў, якія маюць уласны працэсінгавы цэнтр па абслугоўванні пластыкавых картак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі