Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 снежня 2019, 10:25

Міжнародны інвестар зацікаўлены ў куплі Краснасельскага цэментнага завода - ЕБРР

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны інвестар зацікаўлены ў прыватызацыі Краснасельскага цэментнага завода. Аб гэтым у інтэрв'ю на тэлеканале СТБ расказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі Аляксандр Піваварскі, паведамляе БЕЛТА.

"Ведаючы вопыт прыватызацыі ў іншых краінах, вядома, разумеем, што прыватызацыя - не панацэя ад усіх праблем", - адзначыў прадстаўнік банка. Аднак, паводле яго слоў, у Беларусі ёсць некалькі прыкладаў, дзе магчыма зрабіць такі крок без страт. "І мы лічым, што з нашай падтрымкай гэта не нясе асаблівых рызык для краіны, а можа мець толькі плюсы", - падкрэсліў Аляксандр Піваварскі.

"Магчыма, рынак будзе зацікаўлены ў "Крыніцы" (беларуская піваварная кампанія. - Заўвага БЕЛТА)", - прывёў адзін з прыкладаў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР. Ён дадаў, што ёсць міжнародная піваварная кампанія, якая разглядае ўваходжанне ў рэгіён. Пры гэтым і карпарацыі, якія працуюць ужо ў Беларусі, магчыма, хацелі б нарасціць свае аб'ёмы.

"Мы яшчэ актыўна вядзём дыялог наконт Краснасельскага цэментнага завода. Рэальна ёсць інтарэс у аднаго міжнароднага інвестара, які гатовы і супрацоўнікаў пакінуць, і нарошчваць аб'ёмы, рабіць крок за крокам гэту інвестыцыю, каб урад быў спакойны", - расказаў Аляксандр Піваварскі.

Як паведамлялася, восенню 2017 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей расказаў у інтэрв'ю выданню Financial Times, што ЕБРР актыўна працуе з Беларуссю ў галіне прыватызацыі некаторых прамысловых прадпрыемстваў, і прывёў у якасці прыкладу Краснасельскі цэментны завод. Пазней, у красавіку 2018 года, у Мінску быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця адносна перадпрыватызацыйнага садзейнічання для ААТ "Крыніца" ў 2018-2020 гадах. Тады Аляксандр Піваварскі выказаў надзею, што ЕБРР будуць зроблены далейшыя захады сумесна з урадам у падтрымцы прыватызацыі Краснасельскага цэментнага завода.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 69 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. ЕБРР з'яўляецца буйнейшым інстытуцыянальным інвестарам у эканоміку Беларусі. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР праінвесціраваў амаль 2,7 млрд еўра ў 119 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі