Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 лістапада 2019, 14:40

МАРГ вывучае міжнародныя практыкі па барацьбе з картэлямі

6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навучальны семінар па тэме "Эфектыўнае расследаванне картэльных змоў" праходзіць сёння ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі сумесна з Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), а таксама Упраўленнем па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў Рэспублікі Польшча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Семінар з'яўляецца першым практычным крокам па ажыццяўленні мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі і Упраўленнем па развіцці канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў Рэспублікі Польшча, які быў падпісаны на пасяджэнні беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў лістападзе мінулага года, - адзначыў начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і прымянення мер нетарыфнага рэгулявання МАРГ Яўген Бялоў. - Тэма семінара выбрана невыпадкова. Яна з'яўляецца адной з найбольш складаных у галіне гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Таму на семінар запрошаны вядучыя міжнародныя эксперты АЭСР і калегі з Польшчы. Вопыт, які атрымаюць супрацоўнікі МАРГ па выніках мерапрыемства, дасць магчымасць прымяніць у Беларусі вядучыя сусветныя практыкі ў гэтай сферы і будзе накіраваны на павышэнне агульнай канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі. Гэта дасць магчымасць Беларусі быць лепш прадстаўленай у міжнародных рэйтынгах".

Ён дадаў, што для нашай краіны тэма картэляў такая ж актуальная, як і для іншых дзяржаў. Процідзеянне картэлям удасканальвае і барацьбу з карупцыяй, удасканальвае правядзенне дзяржзакупак, а таксама дапамагае павысіць эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў, знізіць цэны на тавары і паслугі, паляпшаць іх якасць.

Сутнасць праблемы ў тым, што ўдзельнікі картэляў устанаўліваюць цэны (завышаючы на 10 працэнтаў і больш) або падзяляюць сферы ўплыву, застаючыся пры гэтым самастойнымі суб'ектамі. І рынак пачынае набываць рысы манапольнага. Рызыка фарміравання картэляў вышэйшая там, дзе і без таго высокі ўзровень эканамічнай канцэнтрацыі. Часцей за ўсё дзейнасць картэляў закранае такія тавары, як цэмент, цукар, мука і іншыя, у асноўным гамагенныя тавары, якія дазваляюць аб'яднацца для незаконнага гандлю. Але і іншыя сферы не могуць быць поўнасцю абаронены, калі не процідзейнічаць картэлям. Страты могуць складаць і 12 працэнтаў, і 20 працэнтаў ВУП.

На думку міжнародных экспертаў, Беларусі неабходна сфарміраваць эфектыўную правапрымяняльную практыку. Напрыклад, старшы эксперт па канкурэнцыі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Сабіна Зігельскі паведаміла, што ў гэтым годзе арганізацыя прааналізавала беларускае заканадаўства і прыйшла да высновы, што яно цудоўна распрацавана. "Але МАРГ не хапае паўнамоцтваў, каб праводзіць незапланаваныя праверкі як на прадпрыемствах, так і ў дамах людзей, якія валодаюць гэтымі прадпрыемствамі", - адзначыла Сабіна Зігельскі. Разам з тым на гэты момант пазапланавыя праверкі з боку дзяржорганаў не з'яўляюцца аптымальным рашэннем для Беларусі, а змякчэнне пакарання ў выпадку яўкі з пакаяннем не ўяўляецца мэтазгодным - зноў жа з-за адсутнасці правапрымяняльнай практыкі. Таму на семінары ўдзелена ўвага іншым метадам выяўлення картэляў: паралельнай цэнавай палітыцы, прамым і ўскосным прыкметам картэльнай змовы і г.д.

Кіраўнік Упраўлення па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў Польшчы Марак Нехцял пацвердзіў, што адна з мэт семінара - паглыбіць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і АЭСР. "Перад адміністрацыяй краіны стаіць задача па распрацоўцы адпаведнага заканадаўства, накіраванага на процідзеянне дзейнасці картэляў. Мэта - палепшыць якасць прадукцыі і зрабіць цэны максімальна нізкімі для спажыўцоў, у той час як картэлі завышаюць іх, карыстаючыся сваёй манаполіяй. Акрамя таго, картэлі супраць інавацый. У АЭСР ёсць спецыяльныя стандарты, накіраваныя на тое, каб пашыраць паўнамоцтвы органаў на правядзенне розных праверак, каб устанавіць, ці з'яўляецца дзейнасць картэльнай. Спадзяюся, у Беларусі ў хуткай будучыні таксама будзе распрацаваны закон, які пашырае паўнамоцтвы праваахоўных органаў", - сказаў Марак Нехцял.

Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі таксама выказаў упэўненасць, што міжнародны вопыт неабходны ў гэтай рабоце. "Мы, напрыклад, вельмі ўдзячны за ўвесь вопыт і дапамогу, якія ў мінулым атрымалі ад іншых краін. Бачна, што ў беларускіх партнёраў ёсць жаданне супрацоўнічаць, таму дапамога будзе аказана", - сказаў на заканчэнне ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі