Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2021, 09:01

МАРГ падрыхтаваў памятку для тых, хто вырашыў адкрыць цырульню, фотастудыю або атэлье

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтавала памятку для тых, хто вырашыў адкрыць цырульню, фотастудыю, атэлье або іншы аб'ект бытавога абслугоўвання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МАРГ.

"Ліцэнзаванне дзейнасці ў сферы бытавога абслугоўвання ў Беларусі не прадугледжана. Патрабаванні да яе ажыццяўлення вызначаны пастановай Савета Міністраў ад 14 снежня 2004 года нумар 1590", - нагадалі ў прэс-службе.

У МАРГ пералічылі некалькі крокаў, неабходных, каб адкрыць аб'ект бытавога абслугоўвання. Па-першае, трэба стварыць юрыдычную асобу або зарэгістраваць ІП. Па-другое, варта забяспечыць пастаноўку на ўлік у падатковым органе: юрыдычным асобам для гэтага трэба падаць заяву, а для ІП гэта адбываецца аўтаматычна пры дзяржрэгістрацыі.

Потым трэба выбраць памяшканне і атрымаць права на яго выкарыстанне: набыць ва ўласнасць, узяць у арэнду або ў бязвыплатнае карыстанне. Акрамя таго, неабходна ўкамплектаваць аб'ект бытавога абслугоўвання абсталяваннем, у тым ліку касавым. "Для прыёмкі аб'екта ў эксплуатацыю трэба пры неабходнасці звярнуцца за растлумачэннямі і атрымаць заключэнне ад упаўнаважаных дзяржорганаў і ўстаноў, якія выконваюць дзяржаўны санітарны нагляд, органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду, унутраных спраў, тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды", - дадалі ў прэс-службе.

Не трэба забываць і аб сродках вонкавай рэкламы. Іх размяшчэнне рэгулюецца пастановай Савета Міністраў ад 12 лістапада 2007 года нумар 1497. Таксама трэба набыць кнігу заўваг і прапаноў (яе выдае РУП "Выдавецтва "Белбланкавыд"), набыць і зарэгістраваць у падатковым органе кнігу ўліку праверак.

Наступныя важныя крокі - падбор і афармленне на работу супрацоўнікаў, вызначэнне рэжыму работы аб'екта і яго ўзгадненне з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам (калі аб'ект будзе працаваць пасля 23.00 і да 7.00). Таксама трэба самастойна вызначыць парадак афармлення заказаў на бытавыя паслугі і ўліку матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры іх аказанні, аформіць інфармацыю для спажыўцоў.

У мясцовы выканаўчы і распарадчы орган неабходна накіраваць паведамленне аб пачатку аказання бытавых паслуг. Для гэтага можна падаць пісьмовае паведамленне праз службу "адно акно" або скарыстацца заказным паштовым адпраўленнем з інфармаваннем аб уручэнні. Яшчэ адзін варыянт - адзіны партал электронных паслуг.

Акрамя таго, трэба накіраваць заяву аб уключэнні звестак у дзяржаўны інфармацыйны рэсурс "Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі