Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 кастрычніка 2022, 16:12

Лугіна: BelTexIndustry - добрая магчымасць прадставіць навінкі і паглядзець, куды рухаецца галіна

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная выстаўка-кірмаш BelTexIndustry - добрая магчымасць прадставіць навінкі легпрама і паглядзець, як развіваецца і куды рухаецца галіна. Аб гэтым сказала старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна ў час адкрыцця выстаўкі-кірмашу BelTexIndustry-2022 у НВЦ "БелЭкспа" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Легкая прамысловасць - адна з асноўных галін Беларусі. У гэтым годзе ўсе прадстаўнікі рэальнага сектара прамысловасці па-асабліваму загучалі як у эканоміцы нашай краіны, так і на замежных рынках. Мы атрымалі новы глыток энергіі, новы імпульс, які дапамагае нам інакш працаваць, натхняцца і ўвасабляць ідэі ў вытворчасці з двайной-трайной сілай і агеньчыкам у вачах", - сказала Таццяна Лугіна.

Паводле яе слоў, выстаўка BelTexIndustry - гэта добрая магчымасць чарговы раз прадставіць навінкі легпрама, паглядзець, як развіваецца і куды рухаецца галіна. "Кожнае прадпрыемства мае свае сакрэты развіцця. Почырк многіх кампаній стаў чытальным. І гэта вельмі добра, - адзначыла кіраўнік "Беллегпрама". - Прадпрыемствы канцэрна, прыватныя кампаніі - мы ўсе разам у апошнія гады рэалізуем агульную стратэгію развіцця, радуем пакупнікоў. Унутрана адчуваецца, што стратэгія краіны - захаваць і прымножыць - была выбрана правільна, і мы гэтым ганарымся".

Таццяна Лугіна пажадала ўсім удзельнікам выстаўкі добрага настрою, натхнення, станоўчых эмоцый, а таксама паспяховых бізнес-перагавораў. "Работы ў нас вельмі шмат, таму нам неабходны сіла, энергія і пазітыў", - падкрэсліла яна.

BelTexIndustry - буйнейшая галіновая выстаўка тавараў лёгкай прамысловасці Беларусі. Штогод удзельнікамі выстаўкі з'яўляюцца вытворцы і пастаўшчыкі вырабаў лёгкай прамысловасці, сыравіны, абсталявання, фурнітуры і аксесуараў, а таксама дызайнеры, канструктары, мадэльеры. Арганізатар - Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа" пры падтрымцы канцэрна "Беллегпрам". Галоўная мэта выстаўкі - прадэманстраваць магчымасці беларускіх вытворцаў. Штогод выстаўку наведваюць каля 4 тыс. чалавек.

У гэтым годзе выстаўка праходзіць 5-7 кастрычніка. Форум збярэ звыш 50 экспанентаў з Турцыі, Расіі, Беларусі, парадуе яркім fashion-шоу і насычанай дзелавой праграмай, напоўненай актуальнымі тэмамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі