Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 жніўня 2020, 15:29

Каля сотні заявак пададзена на конкурс "Лепшы будаўнічы прадукт года"

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля сотні заявак пададзена ад беларускіх прадпрыемстваў на ўдзел у XVII Рэспубліканскім конкурсе "Лепшы будаўнічы прадукт года", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе конкурсу.

"Трэць заявак паступілі ад новых амбіцыйных прадпрыемстваў-вытворцаў і пастаўшчыкоў будаўнічых матэрыялаў і паслуг, 70 працэнтаў - ад рэгулярных удзельнікаў конкурсу. Значна - амаль на 30 працэнтаў - пашырыўся склад экспертнага савета. Гэта адбылося дзякуючы ўключэнню ў журы профільных экспертаў па новых намінацыях. Сярод іх - "Лепшыя лічбавыя рашэнні, тэхналогіі, праекты ў праектаванні і будаўніцтве", "Лепшыя будаўнічыя брэнды - лідары вытворчасці" і "Лепшы аб'ект года", - адзначылі ў прэс-службе.

Як расказалі арганізатары конкурсу, заяўнікаў па новых намінацыях не спалохалі такія патрабаванні аргкамітэта, як наведванне іх вытворчасцей і аб'ектаў членамі экспертнага савета. "Гэты вопыт знаёмства экспертаў з вытворчымі магутнасцямі і калектывамі прадпрыемстваў быў апрабаваны ў мінулым сезоне і добра сябе зарэкамендаваў. Таму аўтарытэтныя спецыялісты РУП "Інстытут БелНДІБ", РУП "Белбудцэнтр", РУП "Будтэхнорм", праектных і архітэктурных арганізацый з гатоўнасцю і зацікаўленасцю не толькі вывучаюць пакеты дакументаў, але і выязджаюць на прадпрыемствы", - растлумачылі ў прэс-службе конкурсу.

Безумоўным адкрыццём становіцца і намінацыя "Лепшы аб'ект года", якая ў гэтым годзе стала самастойнай. У ёй заяўлена ўжо 12 аб'ектаў, многія з якіх унікальныя і маюць высокую значнасць не толькі для канкрэтнага горада, дзе размешчаны, але і для ўсёй краіны.

Паводле інфармацыі прэс-службы, эксперты адзначаюць добры патэнцыял намінацыі, звязанай з лічбавізацыяй галіны. На конкурс заяўлены разнапланавыя, але важныя праекты, якія рэалізаваны ААТ "Мінскметрапраект" (АСУП "МЕТРО"), ДП "Беларуснафта-Нафтахімпраект" ("Праектаванне прамысловых аб'ектаў з прымяненнем BIM-тэхналогій"), Гомельскі домабудаўнічы камбінат ("Інфармацыйнае мадэляванне пры распрацоўцы праекта "Шматкватэрны жылы дом па вул. Братоў Лізюковых у Гомелі").

"Лідары галіны, гледзячы на складаныя ўмовы ў сусветнай эканоміцы, разумеюць, што самая лепшая палітыка цяпер - не сядзець склаўшы рукі, чакаючы заканчэння крызісу, а ўкладвацца ў развіццё і пашырэнне сваіх прадуктаў", - паведамілі ў арганізацыйным камітэце. Таму ў конкурсе актыўна прадстаўлены флагманы будкомплексу: філіял нумар 3 "Мінскі КСВ" ААТ "Беларускі цэментны завод", ААТ "Беларускі цэментны завод", ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК", ААТ "Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат", філіял "Баранавіцкі КЖБК" ААТ "Крычаўцэментнашыфер", КУП "Брэстжылбуд", РУВП "Граніт" і многія іншыя.

Конкурс "Лепшы будаўнічы прадукт года" праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. Сярод асноўных мэт - выяўленне прадстаўленых на рынку якасных прадуктаў, перадавых сучасных тэхналогій, сістэм, абсталявання, рашэнняў будаўнічых кампаній айчыннай і замежнай вытворчасці, стымуляванне вытворцаў і пастаўшчыкоў да распрацоўкі і ўкаранення ў практыку будаўніцтва новых якасных прадуктаў і паслуг і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі