Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 лістапада 2022, 16:17

Галоўчанка: для захавання эканамічных пазіцый Беларусі і Ірану неабходна аб'яднаць намаганні

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для захавання эканамічных пазіцый Беларусі і Ірану неабходна аб'яднаць свае намаганні. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы ў пашыраным складзе з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба аб'яднаць намаганні на ўсіх участках для захавання Беларуссю і Іранам сваіх эканамічных пазіцый і стварыць умовы для далейшага ўстойлівага развіцця. Калі пераходзіць да канкрэтных напрамкаў, адна з асноўных задач візіту нашай дэлегацыі - дасягнуць згоды па праекце дарожнай карты нашага супрацоўніцтва. Такая задача пастаўлена прэзідэнтамі краін у ходзе сустрэчы ў Самаркандзе. Нашы лідары дасягнулі дамоўленасці зацвердзіць гэты дакумент на ўзроўні прэзідэнтаў пасля ўзгаднення прэм'ер-міністрам Беларусі і першым віцэ-прэзідэнтам Ірана", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у ходзе візіту міністра замежных спраў Беларусі ў кастрычніку ў Тэгеран іранскаму боку былі перададзены беларускія прапановы, крыху раней былі атрыманы іранскія прапановы. "Такім чынам, цяпер праект гэтага дакумента мае сістэмную і канкрэтную форму. Там змешчаны канкрэтны алгарытм дзеянняў па развіцці гандлю, інвестыцыйных праектах, актывізацыі кантактаў паміж ведамствамі краін на ўсіх узроўнях", - паведаміў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што ў сувязі з гэтым, калі будзе падтрымана гэта прапанова, сёння бакі маглі б узгадніць падыходы, закладзеныя ў праект дарожнай карты, усебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам на 2023-2026 гады.

У студзені-верасні 2022 года тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам вырас да $63,6 млн (рост у 2,9 раза да аналагічнага перыяду 2021 года), экспарт - да $48,6 млн (у 4,4 раза), імпарт - да $15 млн (рост на 41,8 працэнта). Сальда дадатнае - $33,6 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі