Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2021, 09:05

Экспартная карта беларускага АПК з-за санкцый падкарэкціруецца некрытычна - Субоцін

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічныя санкцыі Еўрапейскага саюза закрануць сферу АПК у меншай ступені, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін 27 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Што датычыцца АПК, гэта закране ў меншай ступені. Зямля наша, мы на ёй навучыліся працаваць, - сказаў Аляксандр Субоцін. - Давядзецца працаваць крыху больш напружана, крыху больш інтэнсіўна. Можа, нешта падкарэкціруецца ў нашай экспартнай карце, але, я думаю, гэта будзе некрытычна для аграрнага сектара, хоць не хацелася б".

Гаворачы аб асноўным партнёры - Расійскай Федэрацыі, намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што Беларусь пастаўляе ў гэту краіну прадукцыі АПК амаль на $4,5 млрд. "Нас там ведаюць, любяць, паважаюць з-за якасці, экалагічнасці, смакавых якасцей, з-за адзіных падыходаў да вытворчасці і прыгатавання ежы", - дадаў Аляксандр Субоцін.

Што датычыцца абмежаванняў, РФ прад'яўляе не жорсткія, але строгія патрабаванні да якасці прадукцыі, яе тэхналагічных характарыстык, адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. "Гэта нас не крыўдзіць, а наадварот загартоўвае і дазваляе займаць той узровень па якасці вытворчасці прадукцыі, дзякуючы якому мы захапілі ў добрым сэнсе рынкі 116 краін і гандлюем прадуктамі харчавання амаль на $6 млрд па ўсім свеце, у тым ліку ў Кітай, дзе патрабаванні яшчэ больш строгія, - сказаў ён. - Абмежаванні пастаянна з'яўляюцца, але гэта працэс рабочы. Прэтэнзіі вырашаем і абмежаванні спрабуем зняць".

Даволі інтэнсіўна гандлюе Беларусь і з Кітаем. З 2015 года пастаўкі ў гэту краіну павялічаны ў 19 разоў. У 2020 годзе прададзена прадукцыі амаль на $260 млн. Зрэшты, для Кітая гэта лічба мізэрная, заўважыў Аляксандр Субоцін. Паводле яго слоў, унутраны попыт Кітая расце, культура спажывання еўрапеізуецца, там пачынаюць спажываць сыры, ахалоджанае мяса, стэйкі.

"За ўсімі гэтымі тэндэнцыямі мы сочым, на іх рэагуем і спрабуем пашырыць лінейку нашых прадуктаў, спрабуем зрабіць стаўку на тыя прадукты, якія ў нас масава вырабляюцца (ёгурты, смятана, тварог заваявалі сваю нішу ў Кітаі), і, вядома, ажыццяўляць больш інтэнсіўныя пастаўкі таго, з чым мы ўжо ўвайшлі туды - гэта сухія малочныя прадукты, ялавічына, малако пакетаванае. У мінулым годзе быў бум спажывання рапсавага алею. Мы падстроіліся і пачалі яго прадаваць больш інтэнсіўна на гэты рынак", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

Гаворачы пра ўплыў санкцый на калійную галіну, ён заўважыў, што акрамя заходняга свету, ёсць яшчэ Усход, Блізкі Усход, Кітай, РФ. "Вядома ж, гэтыя патокі будуць перанакіраваны туды. Мы актыўна працуем, каб атрымаць там, дзе яшчэ няма, сертыфікацыю нашых угнаенняў, трапіць на той рынак, куды яшчэ не трапілі", - адзначыў ён.

Прадаўжаючы тэму санкцый, намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу, што "гэта заўсёды дрэнна, гэта заўсёды няправільна". "Напэўна, у 21 стагоддзі абкладаць санкцыямі народ і краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, - гэта жахліва, падобна да нейкага феадалізму. Хто б што ні гаварыў (што гэта супраць дзяржавы, супраць асобных людзей), усё роўна пацерпіць звычайны чалавек, які ходзіць у магазін", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі