Сцяг Чацвер, 9 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 ліпеня 2016, 14:10

ЕБРР і БНБ-Банк падпісалі крэдытнае пагадненне на $3 млн па праграме "Жанчыны ў бізнесе"

14 ліпеня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Беларускі народны банк (БНБ-Банк) падпісалі сёння крэдытнае пагадненне на $3 млн па праграме "Жанчыны ў бізнесе", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

БНБ-Банк стаў першым банкам у Беларусі, які далучыўся да праграмы "Жанчыны ў бізнесе". Пагадненне прадугледжвае прадастаўленне банку $3 млн. Атрыманыя сродкі Беларускі народны банк накіруе на развіццё крэдытавання прыватнага бізнесу, якім кіруюць жанчыны.

Як растлумачыла начальнік упраўлення малога і сярэдняга бізнесу ААТ "БНБ-Банк" Ксенія Косачава, для падтрымкі жаночага прадпрымальніцтва ў банку ўжо створаны спецыяльны прадукт - "СМАрт-Лэдзі". "Мы гатовы фінансаваць праекты да $50 тыс. па льготнай стаўцы з ільготным забеспячэннем і паскорана разглядаць пакет дакументаў. Калі гаварыць пра стаўкі, то ў валюце яны складаюць ад 12 працэнтаў гадавых, у беларускіх рублях - ад 22 працэнтаў гадавых. Акрамя таго, на апошнім пасяджэнні праўлення нашага банка было прынята рашэнне, што на ўсю нашу лінейку прадуктаў "СМАрт" мы будзем для жанчын у бізнесе рабіць скідку да 1,5 працэнтнага пункта па кожным прадукце", - падкрэсліла яна.

Паводле слоў Ксеніі Косачавай, пакуль суадносіны жанчын і мужчын, якія звяртаюцца ў банк за крэдытамі для развіцця бізнесу, не на карысць жанчын - іх толькі каля 10 працэнтаў. "Наша задача - павялічыць гэту лічбу да 50 працэнтаў. Асаблівасць праграмы "Жанчыны ў бізнесе" ў тым, што мы даём магчымасць жанчынам, якія раней не асмельваліся на стварэнне сваёй справы, не былі ў сабе ўпэўнены, атрымаць сур'ёзную фінансавую падтрымку", - рэзюмавала яна.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын перад цырымоніяй падпісання пагаднення падкрэсліла, што ў выніку рэалізацыі праграмы "Жанчыны ў бізнесе" прадпрымальніцы атрымліваюць магчымасць рэалізаваць свае мары, адкрываючы свае прадпрыемствы. "У іх з'явіцца стартавы капітал для гэтага. Ёсць яшчэ другі аспект, які таксама вельмі важны. Ён заключаецца ў падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якое з'яўляецца асновай эканомікі еўрапейскіх краін. І мы хочам праз падпісанне гэтай крэдытнай лініі паслаць сігнал краінам "Усходняга партнёрства" аб важнасці развіцця МСП, у тым ліку і ў Беларусі", - рэзюмавала яна.

Вядучы банкір дэпартамента фінансавых устаноў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі Джахан Шамсіеў паведаміў, што ЕБРР плануе выдзеліць у 2016 годзе $10 млн на праекты праграмы "Жанчыны ў бізнесе" ў Беларусі. Усяго ж на пілотную фазу рэалізацыі праграмы ў краінах "Усходняга партнёрства" плануецца выдзеліць $55 млн.

ЕБРР заснаваў праграму фінансавання праекта "Жанчыны ў бізнесе" для пашырэння жаночага прадпрымальніцтва. Мэта праграмы - прадэманстраваць тое, што пры вырашэнні збояў рыначнага механізму, устараненні перашкод і прадастаўленні аднолькавых магчымасцей жанчыны-кіраўнікі могуць паспяхова забяспечваць эканамічнае развіццё і рост, стварэнне рабочых месц і шэраг іншых сацыяльных дасягненняў. Цяпер ЕБРР рэалізуе праграму "Жанчыны ў бізнесе" ў 16 краінах.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця быў заснаваны ў 1991 годзе. ЕБРР інвесціруе ў праекты, якія садзейнічаюць пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі, а таксама развіццю прыватнай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

ААТ "БНБ-Банк" заснавана ў 1992 годзе. Пятнаццаць цэнтраў банкаўскіх паслуг банка размешчаны ў 5 гарадах (Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі і Магілёве). Асноўныя акцыянеры - АТ "Банк Грузіі" (79,99 працэнта) і Міжнародная фінансавая карпарацыя (19,99 працэнта).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі