Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 сакавіка 2020, 12:28

Дзевяць дзяржкампаній прайшлі навучанне па фінансуемай ЕС праграме павышэння эфектыўнасці

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая група кампаній у Беларусі прайшла навучанне па фінансуемым ЕС праекце "Комплексная праграма павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных кампаній". Вынікі праграмы прэзентаваны сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першымі навучанне прайшлі прадстаўнікі дзевяці прадпрыемстваў з Мінска і рэгіёнаў краіны, якія працуюць у харчовай, тэкстыльнай, хімічнай прамысловасці. Навучанне доўжылася каля 9 месяцаў.

Праект, сфакусіраваны на паляпшэнні якасці менеджменту на дзяржпрадпрыемствах, рэалізаваны прадстаўніцтвам Сусветнага банка сумесна з Бізнес-школай ІПМ пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

"Мэта гэтай праграмы - зразумець, як прадпрыемствам стаць больш канкурэнтаздольнымі, распрацаваць стратэгіі павышэння эфектыўнасці", - растлумачыў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер.

Ён звярнуў увагу: няправільна лічыць, што Сусветны банк хоча, каб усе дзяржаўныя прадпрыемствы былі або закрыты, або прыватызаваны. У час падрыхтоўкі дарожнай карты па павышэнні эфектыўнасці беларускай эканомікі Сусветны банк прапанаваў ураду дзяржпрадпрыемствы падзяліць на чатыры групы. Першая група - эфектыўныя прадпрыемствы, другая - якія могуць палепшыць эфектыўнасць пры аперацыйнай рэструктурызацыі, трэцяя - якія падпадаюць пад прыватызацыю, чацвёртая - прадпрыемствы, якія прапануецца ліквідаваць.

Паводле слоў Алекса Крэмера, праграма, якая фінансуецца Еўрасаюзам, якраз павінна дапамагчы дзяржпрадпрыемствам у аперацыйнай, а не фінансавай рэструктурызацыі. "Фінансавая рэструктурызацыя без правядзення аперацыйнай з'яўляецца часовай мерай", - лічыць кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка.

Каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Алена Ракава адзначыла, што ЕС з'яўляецца буйнейшым донарам, які аказвае тэхнічную дапамогу па розных напрамках, і адзін з галоўных - падтрымка эканамічных рэформ і прыватнага сектара.

"Гэты праект па павышэнні эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў у Беларусі будзе падтрыманы намі і далей, калі будзе інтарэс ва ўрада і мясцовых удзельнікаў", - адзначыла Алена Ракава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі