Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 кастрычніка 2020, 12:55

Дадатковая выручка і эканомія беларускіх удзельнікаў таргоў на БУТБ у студзені-верасні выраслі на 38 працэнтаў

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума дадатковай выручкі і эканоміі беларускіх прадпрыемстваў, якія ажыццяўлялі здзелкі на Беларускай універсальнай таварнай біржы, у студзені-верасні 2020-га перавысіла Br201 млн, што на 38 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"Самы істотны эканамічны эфект атрымалі кампаніі, якія закуплялі на БУТБ металапрадукцыю і вугаль. За кошт зніжэння цэн у ходзе біржавых таргоў яны змаглі сэканоміць Br135,3 млн, або на 28 працэнтаў больш, чым у студзені-верасні 2019 года", - расказаў Раман Яніў.

Для прадпрыемстваў лесапрамысловага комплексу выгада ад удзелу ў біржавых таргах склала Br61 млн. У параўнанні з мінулым годам гэты паказчык павялічыўся на 73 працэнты. У гэту суму ўвайшла дадатковая выручка айчынных экспарцёраў піламатэрыялаў і шчэпак, а таксама эканомія лясгасаў на закупцы лесагаспадарчых паслуг.

Што датычыцца сельгаспрадпрыемстваў, то выкарыстанне біржавой пляцоўкі прынесла ім Br5,1 млн дадатковай выручкі і эканоміі. Сярод галоўных бенефіцыяраў - пакупнікі шроту алейных, а таксама прадаўцы малочнай прадукцыі і рапсавага алею.

Як адзначыў прэс-сакратар, паказчык дадатковай выручкі і эканоміі залежыць непасрэдна ад колькасці ўдзельнікаў таргоў і аб'ёмаў здзелак, якія яны заключаюць. Так, з пачатку года на біржы акрэдытаваліся 1 859 новых арганізацый, а сума здзелак па выніках студзеня-верасня вырасла на 5 працэнтаў да Br3,5 млрд.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Дадатковая выручка - сума грашовых сродкаў, атрыманых дадаткова прадаўцамі ад продажу тавару на біржавых таргах па больш высокіх цэнах у параўнанні са стартавымі. Эканомія сродкаў на таргах адбываецца ў выніку набыцця тавару па больш нізкіх цэнах у параўнанні са стартавымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі